«Магілёўдрэў» супраць ІКЕА. Чаму не працуе мадэрнізацыя беларускіх прадпрыемстваў?


Хай Еўразвяз з намі больш гандлюе, але не лезе ў нашую сістэму ўлады. Да такіх асноўных тэзісаў можна звесці кожную заяву Аляксандра Лукашэнкі падчас размоваў з заходнімі суседзямі. Выключэннем не стала і сённяшняя сустрэча з нямецкім амбасадарам Пэтэрам Дэтмарам: кіраўнік Беларусі заклікаў зняць гандлёвыя абмежаванні ды прапанаваў праз Нямеччыну наладжваць эканамічныя стасункі з Еўразвязам увогуле.

«Нямеччына – гэта высокатэхналагічная, магутная краіна, і мы зацікаўлены ў інвестыцыях і тэхналогіях», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Нямеччына – лідар па пастаўках у Беларусь высокатэхналагічнага абсталявання для мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў. Мадэрнізацыя – абнаўленне нашых заводаў – даўно стала паказальнай з’явай дзейнай улады. Мільярды долараў пайшлі на цэментныя, дрэваапрацоўчыя і нафтаперапрацоўчыя заводы, Жлобінскі металургічны. Справа патрэбная, але не паўсюль акупаецца. Тыя ж цэментныя заводы, якія мусілі рабіць па 9 мільёнаў тонаў цэменту штогод і больш за палову прадаваць у Расею, цяпер напаўняюць не дзяржаўны бюджэт, а склады.

«Расея на сёння на імпарт беларускага цэменту ставіць квоты, адчынілі мы дарогу ва Украіну беларускага цэменту, але адтуль хлынула плынь украінскіх тавараў, таму яшчэ невядома, цэмент ва Украіну даў нам прыбытак ці не. Ну і, вобразна кажучы, 2 мяхі цэменту завезлі ў краіны Балтыі і радуемся», – Каментуе Пётр Мігурскі, кандыдат эканамічных навук.

Цэментнашыферны завод у Крычаве – адно з 6 прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці, якія Камітэт дзяржкантролю называе неэфектыўна мадэрнізаванымі. Таксама ў спісе «Магілёўхімвалакно», «Магілёўдрэў», бабруйскія «Фандак», «Белшына» і скураны камбінат. Укладзеныя больш за $1 млрд долараў не прынеслі чаканага выніку, інвестыцыйныя праекты адстаюць, крэдыты не гасяцца, прадукцыя не прадаецца.

Вось што думаюць аб правалах у мадэрнізацыі жыхары Магілёва:

«Што трэба зрабіць? Людзей нармальных паставіць, прадпрымальнікаў».

«Не ўмеюць працаваць дырэктары».

«Нашае прадпрыемства працуе добра, яно недзяржаўнае. Дзяржаўныя, на жаль, кепска працуюць. Можа, няправільнае кіраўніцтва, можа, няправільныя кадры. А можа, уся справа ў нашай няправільнай палітыцы».

Калі казаць толькі пра Магілёўскую вобласць, у спіс Камітэту дзяржкантролю не ўвайшлі іншыя прадпрыемствы: «Строммашына» – прызнаная банкрутам, Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, які больш часу прастойвае, чым працуе. Агулам па Беларусі хапае стратных і недазагружаных прадпрыемстваў: на «Менскдрэве» працаўнікоў пераводзяць на скарочаны працоўны дзень, а частку – у адпачынак на свой рахунак, «Барысаўдрэў» Дзяржкамітэт маёмасці прапаноўвае прадаць інвестарам. Паводле экспертаў правал мадэрнізацыяў гэтых прадпрыемстваў у тым, што гэтыя працэсы былі навязаныя, без адпаведных даследаванняў, запланаваныя не на прадпрыемствах, а ў Савеце міністраў і адміністрацыі Лукашэнкі.

Каментуе Пётр Мігурскі, кандыдат эканамічных навук:

«Вінаватая тая мадэль гаспадарання, якая прынятая ў цэлым па рэспубліцы, і ў найгоршым варыянце яна рэалізуецца ў Магілёўскай вобласці. Бо на сёння Магілёўская вобласць у сельскай гаспадарцы здала пазіцыі Віцебскай вобласці, у прамысловасці – найгорш па краіне».

Ёсць і добрыя прыклады – прыватныя прадпрыемствы са знешнімі інвестыцыямі – «Кранаспан», «ВМГ Індастрі». Ці тая ж ІКЕА, якая займаецца дрэваперапрацоўкай у Магілёўскай вобласці і працуе ў тры змены. У гэтым выпадку эканаміст Пётр Мігурскі раіць «чырвоным дырэктарам» з «Магілёўдрэву» паехаць да капіталістаў і паглядзець, што такое сапраўдная еўрапейская мадэрнізацыя.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu