«Людзі з ураду мусяць атрымаць па дупе!» – расейцы пра допінг-скандал


Чатыры гады без буйных спартовых спаборніцтваў – гэткі вердыкт вынесла Сусветнае антыдопінгавае агенцтва ў дачыненні Расеі. Краіна не зможа прымаць буйныя турніры, а спартоўцы – выступаць на іх пад расейскім сцягам. Вось такі кошт масавага ўжывання допінгу пад прыкрыццём спартовых функцыянераў.

Па выніках паседжання выканкаму WADA, чатыры наступныя гады расейскія спартоўцы змогуць выступаць толькі пад нейтральным сцягам, а спартовыя чыноўнікі не змогуць наведваць міжнародных спаборніцтваў. Расея будзе пазбаўленая права ўдзелу і правядзення топ-турніраў. Да таго ж расейскае антыдопінгавае агенцтва страціла статус адпаведнасці.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Гэта – забарона ў дачыненні Расеі, якая абараняе правы расейскіх спартоўцаў, дазваляючы паўторна адпраўляцца на асноўныя спаборніцтвы тым, хто дэманструе, што на іх ніякім чынам не паўплывала невыкананне патрабаванняў. Рашэнне закліканае пакараць вінаватых і паведаміць, што гэтага не будзе дапускацца. Яно накіраванае супраць тых, хто падмануў сістэму, і абараняе тых, хто гэтага не рабіў», – тлумачыць Крэйг Рыдзі, прэзідэнт WADA.

Рэакцыя расейскага грамадства на санкцыі WADA неадназначная:

«Надта скептычна яны ставяцца да нашай зборнай».

«Нас адхіляць, безумоўна, але выступаць пад чужым сцягам зноў – гэта неналежна».

«Я спадзяюся, што нас адхіляць, і ўсёй душой за гэта перажываю. Бо людзі з ураду, якія ўсё гэта прыдумалі, пад кіраўніцтвам першай асобы дзяржавы, мусяць атрымаць па дупе ад насельніцтва!»

Міхаіл Маміяшвілі, кіраўнік Расейскай федэрацыі барацьбы, кажа:

«Ужываць вельмі жорсткія санкцыі ў дачыненні ўсяго расейскага спорту – гэта ці спроба дэстабілізаваць сітуацыю пры выкарыстанні гэтакага рычага…»

Допінг-скандал у Расеі працягваецца ўжо каля пяці гадоў, калі апублікавалі вынікі расследавання Сусветнага антыдопінгавага агенцтва ў дачыненні расейскіх калегаў. У працэсе далейшых разбіранняў высветлілася, што ў шмат якіх алімпійскіх відах расейскія спартоўцы ўжывалі забароненыя сродкі, а іхныя допінг-спробы падмянялі функцыянеры.

«Расеі было дадзена вельмі шмат часу, каб выканаць гэтыя ўмовы і выкараніць допінг як з’яву. Але фактычна за гэты час нічога не адбылося. Ідуць толькі апраўданні. І, мала за гэта, ідуць нейкія контраргументы, якія сведчаць, што Расея нібыта не мае да гэтага ніякага дачынення, што гэта ўсё нейкая сусветная змова», – гаворыць Ігар Карней, журналіст Радыё Свабода.

Удзел Расеі ў чэмпіянаце Еўропы па футболе 2020 года, а таксама правядзенне ў Санкт-Пецярбурзе чатырох матчаў гэтага турніру скасоўваць не збіраюцца. Да таго ж спартоўцы, якія не былі заўважаныя ў выкарыстанні допінгу, змогуць браць удзел у міжнародных турнірах пад нейтральным сцягам: напрыклад, гэтак, расейская футбольная зборная зможа выступіць на чэмпіянаце свету ў Катары, а хакейная – на алімпіядзе. Не забяруць у Расеі і правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2023 годзе.

«Трэба ісці спартоўцам пад такія ўмовы, хоць яны і не самыя лепшыя. Але станавіцца пад нейтральны сцяг, не чакаць, што табе дадуць абгарнуцца трыкалорам», – каментуе Ігар Карней, журналіст Радыё Свабода.

«Гэтыя пытанні допінг-скандалаў праз тое, што ўвогуле спартовая медыцына не вельмі добра развітая. І не стае розуму такога сур’ёзнага, прафесараў, якія змогуць паставіць усё ў патрэбнае рэчышча», – кажа Андрэй Арамнаў, цяжкаатлет, алімпійскі чэмпіён.

Цяпер расейскія спартовыя чыноўнікі рыхтуюцца падаваць апеляцыю на рашэнне WADA у Міжнародны спартовы суд, які мусіць паставіць канчатковую кропку ў справе. Аднак вельмі верагодна, што яно рашэнне будзе аналагічнае з рашэннем WADA.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Hавiны
WADA забараніла Расеі 4 гады ўдзельнічаць у Алімпіядах
2019.12.09 13:42