«Людзі будуць выходзіць на плошчу – да замка на заводзе»: новы этап пратэстаў у Берасці


Акумулятарны завод «АйПаўэр» пад Берасцем не прайшоў ужо трэцяй экалагічнай экспертызы.

Але пратэставыя шпацыры і кармленне галубоў у цэнтры Берасця працягваюцца. Пратэстоўцы кажуць, што «галубы выратавалі Берасце». Але не ўпэўненыя, што ўлады закрыюць завод. Таму будуць працягваць пратэсты, пакуль пытанне не развяжацца канчаткова: завод – на замок.

Праціўнікі заводу кажуць: «Людзі будуць выходзіць на плошчу – да замка на заводзе. То бок, пакуль канчаткова не будзе рашэння, што завод зачыняюць, завод перапрафілююць, мы будзем выходзіць. Бо нас падманвалі не раз».

«У Беларусі добрыя законы, але выканаўчая ўлада сябе паказала за гэтыя паўтара гады вельмі слабым звяном. І гэтаму слабаму звяну патрэбная дапамога. А хто ёй не дапаможа, як мы – берасцейцы? Выбіральнікі, па сутнасці. Вось мы і дапамагаем».

Дапамогу краіне пратэстоўцы не абмяжоўваюць барацьбою са шкодным прадпрыемствам. Натхненныя поспехам, удзельнікі шпацыраў збіраюцца рушыць у Палату прадстаўнікоў. Праціўнік заводу Аляксандр Кабанаў распавядае: «Ініцыятыўная група вырашыла ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. У Берасці на сённяшні дзень я ведаю 4 акругі. У кожнай акрузе будуць выстаўленыя кандыдаты ў дэпутаты. Я думаю, што берасцейцы падтрымаюць гэтых людзей, і хацелася б паказаць усёй краіне, як павінны праходзіць парламенцкія выбары».

Сімвалічныя пратэсты супраць заводу ў выглядзе штонядзельных шпацыраў і масавага кармлення галубоў працягваюцца больш за паўтара года.

Раней «АйПаўэр» прыпыніў працу на рашэнне Анатолія Ліса, старшыні выканкаму Берасцейскай вобласці, а КДБ распачаў крымінальную справу супраць сузаснавальніка заводу Віктара Лемяшэўскага – за атрыманне і даванне хабару.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»