Лявон Вольскі выступіў у Горадні ўпершыню за 10 гадоў


І яшчэ адная падзея са свету музыкі, але – беларускай. Легендарны Лявон Вольскі, заснавальнік «Мроі», «НРМ» і «Крамбамбулі» ўпершыню за апошнія 10 гадоў выступіў у Горадні. Сваймі эмоцыямі ад канцэрту з «Белсатам» падзяліліся і сам спявак, і ягоныя слухачы.

VOLSKI прызямліўся ў Горадні – музыка, спявак, кампазітар, а цяпер і франтмэн аднайменнага рок-гурта, генерал айчыннага року Лявон Вольскі даў першы за апошнія 10 гадоў канцэрт у культурнай сталіцы Беларусі.

«У мяне менавіта з гэтага гораду пачалася кар’ера рок-музыканта, бо ў нейкім дрымучым 1988 годзе мы з «Мрояй» узялі прыз глядацкіх сімпатыяў на фестывалі «Рок-крок», фактычна не ўмеючы граць», – адзначае Лявон Вольскі.

«Калі я яшчэ вучыўся там, з 10-11 класа, Лявон Вольскі быў маім супер-героем, як чалавек-павук цяпер, і выступаць з ім у сваім родным горадзе – гэта для мяне супер», – кажа Павал Трыпуць.

Дзесяць гадоў таму Лявон Вольскі трапіў у гэтак званы «чорны спіс» музыкаў, якім з палітычных прычынаў забаранялі выступаць у Беларусі. І хоць Міністэрства культуры існаванне такога спісу адмаўляла, фактам ёсць тое, што канцэрты Вольскага на радзіме не дазвалялі.

Цяпер жа сітуацыя змянілася. У Горадні Лявона Вольскага запрасілі ў дзяржаўны клуб «Галактыка», але не абышлося і без інцыдэнтаў.

«Перашкоды розныя… ну, сёння, напрыклад, забіралі сцяг, але Алесь-Францішак вельмі слушна зрабіў, што павесіў яго на сцэне на комбік», – кажа Лявон Вольскі.

І сапраўды, ахоўнікі прасілі наведнікаў не даставаць нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў. Маўляў, кіраўніцтва бачыць у гэтым правакацыю і ў «дзяржаўнай установе культуры» такога быць не павінна. Але некалькі сцягоў уратаваць удалося.

Наведнікі канцэрту:

«Я настолькі ў эйфарыі, я сюды хацела трапіць і трапіла!»

«Часцей, часцей, дай бог, у Горадні нашай часцей каб прыязджалі такія рабяты»

«Хто не прыйшоў – вы вінаватыя самі сабе, канцэрт быў выдатны».

Наступны канцэрт Лявона Вольскага ўжо заўтра, у гомельскім «Рэд Пабе».

Настасся Храловіч, «Белсат»