Лукашэнка выбівае з Еўразвязу грошы


Размаўляць не пра дэмакратыю і свабоду слова, а пра эканоміку – заклікаў Лукашэнка еўрапейскага камісара па палітыцы суседства Ёганэса Гана. Высокапастаўлены чыноўнік Еўрапейскага звязу прыехаў у Менск ужо другі раз за паўгоддзе.

Збліжаць тэлекамунікацыйныя рынкі краінаў «Усходняга партнёрства» з рынкам Еўразвязу – з такім мэтамі ў Менск прыехалі еўракамісар у пытаннях добрасуседства Ёганэс Ган разам з еўракамісарам у лічбавай эканоміцы Марыяй Габрыел. Але сустрэчу з высокапастаўленым функцыянерам кіраўнік Беларусі пачаў зусім не з размовы пра тэлесувязь.

«Размовы аб дэмакратыі, свабодзе слова, палітвязнях, адмене смяротнага пакарання – гэта само сабой зразумела, мы не здымаем гэта з парадку дня, мы смела і адкрыта пра гэта гаворым. Але асновай ёсць нашы гандлёва-эканамічныя, фінансавыя дачыненні», – заявіў Лукашэнка.

Даволі жорсткім тонам кіраўнік Беларусі заявіў, што чакае ад Еўразвязу зняцця квотаў і мыта, якія абмяжоўваюць прасоўванне беларускіх тавараў на еўрапейскі рынак.

«Вельмі цяжка гандляваць з Еўрапейскім звязам таварамі і паслугамі, не будучы сябрам Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Гэта ўсё роўна, што намагацца выйграць гонку з перавязанай рукой і перабітай нагой», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Таксама Лукашэнка нагадаў, што прапаноўвае Бруселю «вельмі патрэбныя» рэгіянальная эканамічныя праекты. На думку экспертаў, гаворка ідзе пра спалучэнне беларускіх магістраляў з кітайскай ідэяй Новага Шаўковага шляху.

«Груба кажучы, Беларусь хоча мадэрнізаваць свае аўтамабільныя дарогі і чыгунку на еўрапейскія і кітайскія грошы», – кажа аналітык Андрэй Елісееў.

Пакуль урад дабіваецца ад Еўразвязу вольнага гандлю і хоча атрымаць ад Еўразвязу грошы на мадэрнізацыю дарогаў, звычайныя грамадзяне спадзяюцца атрымаць ад Еўропы крыху іншыя рэчы.

Жыхары Менску:

«Ну я хацеў бы, каб у Еўразвяз нас прынялі».

«Было б нядрэнна, калі б візы зрабілі таннейшымі, а не даражэйшымі, каб нашыя эканомікі пачалі сябраваць, і каб была магчымасць там працаваць – чаму б не?»

«Сістэмы адукацыі, хутчэй за ўсё, а таксама мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў»

«Інвестыцыйная падтрыманне бізнесу – у тым ліку і малога».

«Мы самі мусім сябе змяняць, а не чакаць ад некага дапамогі».

Наконт спрашчэння візавага рэжыму ўлады Беларусі і Брусель вядуць перамовы ўжо чатыры гады. Аднак сёння гэтай важнай для простых грамадзянаў тэмы Лукашэнка і Ёганэс Ган, хутчэй за ўсё, не закраналі.

«Візавае пытанне – гэтае пытанне, якое вельмі лёгка і вельмі хутка можна вырашыць – была б добрая воля. Добрай волі з боку ўладаў Беларусі няма. Еўрапейскі звяз таксама мог бы зрабіць нашмат большыя намаганні, каб спрасціць наведванне шэнгенскай прасторы для беларусаў», – кажа Алесь Лагвінец.

Менск дабіваецца ад Бруселю адкрыцця рынкаў, не збіраючыся наўзамен праводзіць ні палітычных, ні эканамічных рэформаў.

Пасля жорсткай размовы з Лукашэнкам Ёганэс Ган далучыўся да Марыі Габрыел, каб прыняць удзел у паседжанні міністраў сувязі шасці краінаў «Усходняга партнёрства». Вынікам сустрэчы стала дамоўленасць гарманізаваць кошты на роўмінг да канца 2020 года.

Застаецца спадзявацца, што з Еўразвязам будзе інтэгравацца не толькі тэлефонная сувязь, але і эканоміка і грамадства Беларусі.

Аляксандр Папко belsat.eu