Успрыняў прапанову святкаваць Дзень Волі на стадыёне «Дынама» як асабістую абразу


Дня Волі ў цэнтры сталіцы не будзе, а ўніверсітэт па-беларуску нам не патрэбны, а ў Курапатах маглі расстрэльваць немцы. Лукашэнка на сваёй «Размове» адзначыўся супярэчлівай рыторыкай у пытаннях замежных, але не ва ўнутраных.

Адсвяткавалі летась – і хопіць. Аляксандр Лукашэнка недвухсэнсоўна даў зразумець: сёлета адзначэння Дня Волі ў цэнтры Менску больш не будзе.

«Збудавалі да Еўрапейскіх гульняў. Мы хочам усяму свету прадэманстраваць Беларусь. А вы ўжо ірвяцеся на гэты стадыён «Дынама». У нас ёсць месца для правядзення падобных акцыяў. Таму я наўпрост адказваю на пытанне, не крыўдуйце на мяне, на стадыёне «Дынама» гэтага не будзе. Мэр гораду гэта чуе. Таму не марнуйце нервы. Не ідзіце на канфрантацыю, таму што ў сілу гэтага пачнуцца нейкія рухі цела. Давайце збірацца на Бангалоры», – з хваляваннем зазначыў кіраўнік краіны.

Лукашэнка таксама сказаў, што саму прапанову святкаваць Дзень Волі на стадыёне «Дынама» ён успрыняў як асабістую абразу. Тым часам сярод апытаных намі менчукоў практычна ўсе лічаць, што святкаваць трэба менавіта ў цэнтры:

«Думаю, што наўрад ці на ўскраіне гораду ёсць сэнс праводзіць такія імпрэзы».

«Я хацела б, каб гэта быў у нас афіцыйны выходны, і ў нас быў які-небудзь парад. І ўвесь горад упрыгожылі б так».

«Я думаю, што ў цэнтры гораду, вядома. Бо гэта наша свята, беларускае».

«Я не пайду яго святкаваць, да таго ж ніхто не хоча згубіць свайго месца ва ўніверсітэце, скажам так. Таму што загадзя папярэджваюць вучняў, што не трэба хадзіць лепей».

Арганізатары свята адзначаюць: на Бангалор ні нагою.

«Я ж быў на гэтай канферэнцыі, я ж там прысутнічаў, я гэта ўсё чуў там на месцы. Але нас Бангалор не задавальняе», – каментуе справу старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Арганізатары кажуць, што альтэрнатыўныя варыянты агучаць пазней. Падчас сваёй размовы Лукашэнка закрануў яшчэ адно балючае пытанне нацыянальнае памяці – Курапаты:

«Падышлі да гэтага помніка, пасядзелі на гэтай лаўцы, дзе Клінтан сядзеў. Узгадалі добрым словам. Пагаравалі, у добрым сэнсе гэта гавару, што там загінулі людзі. Зайшлі ў гэты рэстаран, чарку выпілі за спачын гэтых людзей. Што ў гэтым дрэннага?»

Абаронцы Курапатаў, якія трымаюць варту ля рэстарану «Паедзем паядзім», кажуць: цяпер няма сумневу, што загад пераследаваць абаронцаў скандальнай пабудовы сыходзілі з самага верху.

«У прынцыпе добра, што ён гэта гаворыць. Людзі, якія яшчэ могуць думаць, – яны ўключаць мозг. Гэтае ягонае брыдкаслоўе пра Курапаты сведчыць пра тое, што ён сачыў за гэтым, што гэта яго нервавала ад самага пачатку», – мяркуе грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч.

Менчукі збольшага падтрымліваюць абаронцаў Курапатаў:

«Я лічу, што ўсё ж такі трэба зачыніць рэстарацыю».

«Кожны вырашае сам за сябе. Для кагосьці гэта камфортна, для мяне – не».

«Там цішыня павінна быць, а не забяўляльныя ўстановы».

Аднак рыторыка Лукашэнкі сведчыць: на саступкі ні ў пытанні Курапатаў, ні ў пытанні святкавання Дня Волі ўлады ісці не збіраюцца.

Ёсць меркаванне, што летась на стагоддзе БНР улады хацелі пазбегчы масавага выхаду беларусаў на палітычны сход. З дзвюх бедаў давялося выбіраць меншую – шэсце забаранілі, але дазволілі святочны канцэрт ля Опернага тэатру, куды і прыйшлі дзясяткі тысячаў людзей. Сёлета ж такога выбару перад уладамі не стаіць.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота стадыёну – з Інстаграму Максіма Марданава

Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum