Лукашэнка скаментаваў прызначэнне на новую пасаду Віктара Лукашэнкі


Рыхтаванне да летніх такійскіх Алімпійскіх гульняў наступнага года пачалося. На адкрыцці Алімпійскага збору НАК кіраўнік Беларусі і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандр Лукашэнка аддаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта арганізацыі… Віктару Лукашэнку – свайму старэйшаму сыну.

І адразу папярэдзіў патэнцыйных крытыкаў.

«Калі нехта думае, што тут з падачы бацькі яму вялікую пасаду адвалілі, ну, у яго і так пасада, дай Бог кожнаму, прыстойная – памочнік у нацыянальнай бяспецы», – кажа кіраўнік краіны.

На адкрыцці збору Лукашэнка адзначыў і ўласна спартоўцаў. Вяслярцы Кацярыне Карстэн ды плыўчысе Аляксандры Герасімені выдаў ганаровыя знакі НАК «За заслугі ў развіцці алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь».

Але ж мажорны тон паседжання гэтым і абмежаваўся. Большую частку мерапрыемства Лукашэнка правёў за крытыкаю беларускага спорту. Не абышлося без пагрозаў:

«Ці варта вам туды (Алімпійскія гульні ў Токіа) ехаць наагул? Бо, калі вы турыстамі туды з’ездзіце і вернецеся ні з чым, лепш у краіну не вяртайцеся».

Лукашэнка прайшоўся амаль па ўсіх летніх відах спорту, наракаючы на слабыя дасягненні атлетаў. Спартовы адмысловец, Сяргей Южык з газеты «Прессбол» бачыць прычыну кепскіх вынікаў уласна ў дзяржаўным кантролі ды спробе адначасова гнацца за двума зайцамі:

«У лёгкай атлетыцы шмат збілі, ну і іншых відах спорту нам збілі Еўрапейскія гульні. Нельга планаваць два пікі на сезон. Ці то, ці гэта. Як можа спартовец на чэмпіянаце свету праз месяц пасля Еўрапейскіх гульняў паказаць такі ж самы высокі вынік».

Падчас паседжання Лукашэнка, між іншага, згадаў любоў беларусаў да спорту і важнасць алімпійскіх трыумфаў для іміджу ўсёй краіны. Якімі спартовымі подзвігамі ганарацца беларусы, а ў чым варта было б прыкласці болей намаганняў, адказваюць жыхары Бабруйску:

«Хакей перабывае пад кіраўніцтвам прэзідэнта. Ён сам хакеіст, як усім вядома, і лядовыя ў нас будуюцца. Таму, мяркую, можна ў гэтым падціснуць».

«Ну, наагул футбол усё ж. Хоць Ганчарэнка і сышоў, але ж там нейкі добры трэнер цяпер. А яшчэ гімнастыкай. Хоць прэзідэнт казаў, што нешта адстаюць яны».

«Футболам. Бо ён выйшаў на сусветны ўзровень. І футбалістаў вельмі шмат нашых».

«Калі толькі нейкія камандавыя віды спорту. Па баскетболе, валейболе, ведаю, няблага. З футболам не вельмі».

«У мабільніках сядзяць усе цяпер. Спортам не хочуць займацца».

Сярод захадаў стратэгіі перамогі на Алімпіядзе-2020 кіраўнік Беларусі даў свой класічны загад: кожнага алімпійца ўзяць пад індывідуальны кантроль. Магчыма, у гэтым і дапаможа Віктар Лукашэнка: на сваёй першай пасадзе памочніка ў нацыянальнай бяспецы ён кантралюе сілавыя ведамствы.

Ян Вярбіцкі belsat.eu