Лукашэнка: Прэзідэнтам трэба нарадзіцца

Ці страціць Беларусь незалежнасць? Як доўга яшчэ Лукашэнка плануе заставацца кіраўніком краіны? Пра гэта Лукашэнка распавёў украінскім журналістам.

«Вы ведаеце, я закаранелы савецкі чалавек і гісторык. Я вельмі добра ведаю гісторыю нашых узаемадачыненняў. Мы заўсёды былі разам, у нас усё пераплецена. Украіна-Беларусь, а яшчэ больш Расея-Беларусь», – кажа кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка ўпершыню сабраў прадстаўнікоў выключна ўкраінскіх медыяў. Ім кіраўнік Беларусі распавёў пра сваё ўкраінскае паходжанне. Апазіцыянераў Зянона Пазняка і Станіслава Шушкевіча хлусліва назваў лідарамі польскай дыяспары і зноў заявіў, што Беларусь гатовая накіраваць міратворцаў на Данбас. Лукашэнка зазначыў, што беларускія памежнікі могуць закрыць 400-кіламетровы ўчастак украінска-расейскае мяжы, калі на тое будзе згода бакоў.

«Мне падаецца, што большасць украінцаў не будзе гатовая ўспрыняць вайскоўцаў Беларусі як незалежных ад Расеі. Ёсць супольныя вучэнні Беларусі і Расеі, што Пуцін пастаянна заяўляе, што мы ўжо практычна аб’ядналіся з Беларуссю», – кажа нам Таццяна Папова, былая намесніца міністра інфармбяспекі Украіны.

Лукашэнка сёння спрабаваў пераканаць, што гэта зусім не так, і прывёў наступную размову з Пуціным:

«Калі (…) у цябе думка пра тое, што мы можам увайсці ў склад Расеі або неяк аб’яднацца з Расейскай Федэрацыяй у адну дзяржаву, – выкінь гэта з галавы» (…) Ён мне гаворыць: «Ды Госпад з табой. Няма нават думкі такой».

Прэс-канферэнцыя для ўкраінскіх медыяў папярэднічала першай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, якая мае адбыцца 3-4 кастрычніка на Форуме рэгіёнаў у Жытоміры. Але ніякіх зменаў у беларуска-ўкраінскіх дачыненнях не будзе, мяркуе палітолаг Сяргей Нікалюк:

«Не чакайма нейкіх прарываў, а куды прарывацца? У цэлым нармальныя эканамічныя дачыненні».

Тым не менш, балючыя справы між дзяржавамі ёсць. Адная з іх – гэта арышт украінскага журналіста Паўла Шаройкі, асуджанага ў Беларусі на 8 гадоў за шпіянаж. Лукашэнка ж заявіў, што гатовы памілаваць украінца, калі ва Украіне адпусцяць беларуса Юрыя Палітыку, якога абвінавачваюць у шпіянажы супраць Украіны.

Адзначыўся Лукашэнка і разважаннямі на ўнутраную тэматыку, сярод іншага, пра тое, хто можа стаць прэзідэнтам:

«Ты будзеш называцца прэзідэнтам, але ты не станеш ім, калі ім не нарадзіўся. Сапраўдным прэзідэнтам, калі між табой і народам хімія нейкая, ты павінен нарадзіцца».

Адказваючы на пытанне, чаму ў Беларусі так мала беларускай мовы, кіраўнік краіны заявіў, што з гэтай нагоды, цытата, «асабліва не парымся».

«Украінская аўдыторыя яму не настолькі важная. Ён проста хоча паказаць, што ён настолькі дэмакратычны, што не баіцца сустракацца не толькі з запрошанымі расейскімі журналістамі, але і з украінскімі. Тут трэба аддаць належнае, ён сапраўды не баіцца гаварыць любыя недарэчнасці, глупствы і няпраўду», – зазначае Віталь Цыганкоў, аглядальнік Радыё «Свабода», вядоўца «Размовы» на «Белсаце».

Адказваючы на пытанне, колькі ён сам будзе займаць пасаду кіраўніка краіны, Лукашэнка сцвердзіў: пакуль давяраюць людзі ды пакуль ёсць здароўе.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

 

Глядзі таксама