Лукашэнка – прамаўляў, Пуцін – атрымаў гарбуз ад беларусак


Баяцца не трэба – трэба прымаць мужныя рашэнні! Гэтак выказаўся сёння прэм’ер Расеі адносна будучай інтэграцыйнай дамовы. У гэты ж час Лукашэнка, які таксама сёння шмат прамаўляў, пакінуў за сабою права выбару – браць на сябе ці не шэраг інтэграцыйных пагадненняў. Але кіраўнік краіны таксама запэўніў, што спрэчных пытанняў паміж Масквой і Менскам усё менш.

Дзяўчыны з кампаніі «Свежы вецер» прыкацілі гарбуз да брамы амбасады Расеі, з якою Беларусь уцягваецца ў цесны Саюз.

«Калі жаніх сватаецца, але дзяўчына не згодная, то дзеўкі выкатваюць гарбуза. То бок мы паказваем, што згодныя сябраваць з усімі, але не хочам жыць у чужым доме», – кажа Сяргей Бульба, грамадская кампанія «Свежы вецер».

Сябры грамадскай кампаніі ў абарону нашай незалежнасці хацелі перадаць зварот паслу. У дакуменце напісана, што значная частка палажэнняў Саюзнай дамовы супярэчаць артыкулу №1 Канстытуцыі, згодна з якою Беларусь унітарная дзяржава з уласнаю ўнутранаю і знешняю палітыкаю. Дзмітрый Мядзведзеў сёння супакойваў, што і Расея свой суверэнітэт часткова зменшыла, уваходзячы ў Еўразійскі Саюз:

«Гэта ж адбылося і ў Еўрапейскім Звязе, бо значная частка пытанняў вырашаецца ў Бруселі, але ў аніводнай з еўрапейскіх сталіц. Таму тут не трэба баяцца гэтага. Тут трэба проста прыняць мужныя рашэнні, якія дазволяць закласці моцны фундамент пад эканамічнае развіццё, пад сацыяльнае развіццё нашых краінаў на доўгія гады наперад».

Адное ўвайсці ў Еўразвяз, як адная з 28 эканомік… Іншая справа – з’яднацца ў Саюз з адною з найбольш уплывовых дзяржаваў свету. Фармальна Менск і Масква зрабілі гэта 20 гадоў таму, рэальна – цягам гэтага года падрыхтавалі дакументы для збліжэння заканадаўстваў… на патрабаванне Уладзіміра Пуціна.

Аляксандр Лукашэнка сёння казаў:

«7-га мы сустрэнемся (з кіраўніком Расеі – рэд.) і паглядзім, што напрацавалі прэмʼер-міністры і кіраўнікі групы. І, калі гэта магчыма, прымем рашэнне», – заявіў Лукашэнка падчас прамовы ў Палаце Прадстаўнікоў.

У каторы раз прагучала, што перад падпісаннем інтэграцыйных дамоваў прасіў Расею аб зніжках на энерганосьбіты, кампенсацыях – за падатковы манеўр ды красавіцкі інцыдэнт:

«Нават элементарнае пытанне не вырашана па бруднай нафце. А мы ж правалілі ВУП у асноўным з-за нафтавых праблемаў».

Да 20-годдзя Саюзнай дзяржавы, якое ў суботу, рыхтавалі буйны пакет – 31 дарожная мапа. На стыку месяцаў узгодненымі былі толькі 20. Іх і падпішуць на гэтым тыдні, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч:

«Дапрацоўваць будуць стратэгічныя супольныя акты, як падатковае, мытнае заканадаўства. Я мяркую, што па газе ўсё ж могуць дамовіцца.У Расеі адначасова канфлікт і з Украінай, і з Беларуссю па газе. Канфлікт з двума транзітнымі краінамі, праз якія газ і нафта ідуць у Еўразвяз, – гэта дрэнна».

Рэшту пытанняў, дапускае эксперт, вырашаць будуць пасля Сочынскага саміту – у новым годзе. Чым бліжэй да 8 снежня, тым часцей кіраўнік Беларусі паўтараецца, што незалежнасць захаваем.

«Калі прэзідэнт кажа пра гэта, значыць, зʼявіліся магчыма нават вялікія праблемы».

«Як вам сказаць, простым смертным можа той суверэнітэт і не трэба, нам важна, каб лепш жылося, вось і ўсё».

«Напэўна варта нейкі рэферэндум правесці і даведацца пра меркаванне народа, і толькі потым прымаць рашэнне».

«Ёсць праблемы, але ўсё адно ўсё ідзе да ўсё большага абʼяднання», – кажуць жыхары Магілёва.

Гісторыю двухбаковых дачыненняў (у навуковых працах і манаграфіях) выставілі на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Адзін з аўтараў, Уладзімір Снапкоўскі, падкрэсліў: «Найбольш важнае месца ў даследаваннях займаюць праблемы саюзных адносінаў».

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»: