Лукашэнка пагражае Бабарыку турмой


Віктару Бабарыку ўлады пагражаюць турмой. Знойдзеныя неабвержныя доказы ягонага ўдзелу ў супрацьзаконнай дзейнасці – заявіў старшыня Камітэту дзяржкантролю Іван Церцель. Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» сёння абвінаваціў сам Лукашэнка.

«Я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой «лукашэнкаўскай дыктатуры» ён стварыў гэтую ўласнасць, як ён хабар даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка хоча выкінуць з выбарчай кампаніі аднаго з фаварытаў – каментуе сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Гэта, безумоўна, пагроза, скіраваная не толькі на адрас Бабарыкі, але і да людзей з актыўнай палітычнай пазіцыяй, людзей з палітычнымі амбіцыямі, у бок бізнесу», – лічыць палітык.

Ператрус у «Белгазпрамбанку» правялі на даручэнне Лукашэнкі – прызнаўся сам кіраўнік дзяржавы. Паводле крымінальнай справы аб ухіленні ад падаткаў затрыманыя 15 чалавек. Сярод іх двое сябраў ініцыятыўнай групы Бабарыкі. Гэта кіраўнік магілёўскага аддзялення «Белгазпрамбанку» Сяргей Кармызаў і Уладзімір Дудараў – каардынатар групы Бабарыкі на Магілёўшчыне. Некалі Дудараў быў намеснікам кіраўніка Магілёўскага гарвыканкаму.

«Тым сябрам ініцыятыўнай групы, у якіх узніклі праблемы, мы дапамаглі з адвакатамі. Мы вельмі спадзяемся, што будзе абсалютна законнае разбіральніцтва. Усе павінныя зразумець, што толькі закон, вяршэнства права дазволіць нам усім у краіне жыць шчасліва і бяспечна», – пракаментаваў затрыманні сваіх паплечнікаў Віктар Бабарыка.

Лукашэнка гатовы знішчаць апанентаў нават відавочна незаконнымі метадамі – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

«Калі ўжо ваяваць, то знішчаць да канца. Калі губляеш сваю рэпутацыю, то хоць атрымаць нейкі вынік. З гэтага гледзішча лагічна не рэгістраваць Віктара Бабарыку. Аднак нерэгістрацыя Бабарыкі – гэта прызнанне ў тым, што рэйтынг Лукашэнкі сапраўды 3 адсоткі», – зазначае палітолаг.

У банку, які належыць расейскаму «Газпрому», Нацыянальны банк збіраецца ўвесці сваю адміністрацыю. Заняць пасаду, якую некалі належала Віктару Бабарыку, прапанавалі былой кіраўніцы Нацбанку Надзеі Ермаковай.

«Газпромбанк», галоўны акцыянер «Белгазпрамбанку», заявіў, што ён падтрымлівае свой банк. […] Гэта іх банк, на які так груба «наехалі» з палітычных матываў. Гэта празрысты ўкол у бок беларускіх уладаў. Маўляў, «куды вы, хлопцы, лезеце?» – зазначае Валер Карбалевіч.

Пасля ператрусаў у «Белгазпрамбанку» платформа Molamola, якая з ім супрацоўнічала, страціла магчымасць праводзіць фінансавыя аперацыі. На ёй збіраюць грошы для больш як тысячы дабрачынных ініцыятываў. У тым ліку для 70 ініцыятываў, што дапамагаюць медыкам, якія змагаюцца з эпідэміяй COVID.

«Гэта стане складаней. Ёсць некалькі тэхнічных магчымасцяў. Самае простае – гэта перавод на карту. Ён даступны ва ўсіх банках. Калі казаць пра іншыя магчымасці, то я думаю, што каманда Molamola працуе над імі, і ў бліжэйшы час будзе выдаваць нейкія камунікаты», – спадзяецца арганізатар кампаніі падтрымкі медыкаў #BYCOVID19 Андрэй Стрыжак.

Як пагрозы ўладаў адбіваюцца на настроях тых, хто падтрымлівае апанентаў Лукашэнкі?

«Хоча страляць – хай страляе ўсіх! Як ён сёння гаворыць – я іх выведу і пакладу, як ва Узбекістане! За што ты мяне будзеш класці?!»

«Надакучыла ўжо жыць так! Ніякіх пераменаў, толькі грабуць пад сябе і ўсё!»

«Нельга так далей трываць! Я хачу быць чалавекам, а не быдлам, скатом або народцам!» – абураныя жыхары Лепелю.

Працэс рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцтва пачнецца 20 чэрвеня – ужо праз тыдзень.

Аляксандр Папко, «Белсат»