Лукашэнка падмануў новых дармаедаў

Трохі менш за тры месяцы даў кіраўнік Беларусі на пачатку года Савету Міністраў нашай краіны на тое, каб вызначыцца – якія дзяржаўныя паслугі гэтак званыя дармаеды – беспрацоўныя, будуць аплачваць у большым, чымся рэшта беларусаў памеры. Міністэрскія прапановы меліся быць гатовыя яшчэ пазаўчора. «Да першага кастрычніка мы павінны мець гэты дакумент», – загадаў тады Лукашэнка.

Летась, як вядома – не паспелі і толькі на пачатку гэтага года, на змену скандальнаму дэкрэту № 3, прыйшоў дэкрэт № 1. У гэтай версіі беспрацоўным падатак плаціць ня трэба, гэтак званым дармаедам давядзецца толькі даплачваць за шэраг дзяржаўных паслугаў. Пра што ўвогуле вядзецца гаворка, Саўмін меўся патлумачыць яшчэ пазаўчора.

Пакуль застаецца толькі спекуляваць.

«Якія гэта могуць быць паслугі? Думаю, што перш за ўсё тое, што прасцей за ўсё адсочваць. Гэта жыллёва-камунальныя паслугі, гэта медычныя паслугі, пэўна некаторыя адукацыйныя. І не думаю, што гэтым усё абмяжуецца», – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Цягам сённяшняга працоўнага дня, нягледзячы на ранейшыя абяцанні ў СМІ, Саўмін паспеў прыняць толькі пастанову аб парадку фінансавання выдаткаў на лясную гаспадарку. Цягам апошніх трох месяцаў дзяржаўныя медыі намагаліся патлумачыць, што новы дэкрэт, прынамсі не горш за папярэдніка.

Папярэдні дэкрэт выклікаў масавыя акцыі пратэсту па ўсёй краіне

Улады былі вымушаныя адступіць. Падкрэслівалася, што сама ідэя дакументу слушная, маўляў, падвяло толькі выкананне. Таму не дзіва, што ў Саўміне не спяшаюцца.

«Урад знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы. Як кажуць – паміж Сцылай і Харыбдай. З аднаго боку – сусветны банк, які патрабуе рынкавых захадаў, а з другога боку – насельніцтва, якое не вельмі падрыхтаванае да гэтага », – тлумачыць Леў Марголін.

Акрамя аплаты нейкіх паслугаў варта падрыхтавацца да таго, што паводле новага дэкрэту чыноўнікі выканкамаў атрымаюць доступ да адмысловай базы ў якой без згоды беларусаў будуць збірацца дадзеныя пра эканамічную занятасць.

Адмысловыя камісіі з ліку тых жа чыноўнікаў атрымаюць права без суда высылаць беспрацоўнага ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Таму магчымая аплата 100 % ЖКГ можа апынуцца найменш абуральным момантам гэтага дэкрэту.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Alexei Druzhinin / TASS / Forum

Глядзі таксама