Лукашэнка баіцца, што яго з Пуціным могуць забіць вайскоўцы

Манеўры «Захад-2017» завяршыліся сёння пад асабістым кантролем кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Меўся прысутнічаць і міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, але ён на палігоне гэтак і не зʼявіўся. І хоць яшчэ на пачатку месяца прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна заяўляў, што на месцы міністра будзе прэзідэнт нашых усходніх суседзяў, вучэнні завяршыліся, а лідары краінаў-саюзніц так і не пабачыліся.

Кіраўнік Беларусі патлумачыў такую сітуацыю… ваеннай хітрасцю

«А калі снарад у адно месца – што, дваіх адразу не стане? Мы дамовіліся, што прэзідэнт Расеі пракантралюе і будзе назіраць за вучэннямі на поўначы, а я ўжо – тут», – даводзіў прысутнымі Лукашэнка.

Падчас папярэдніх супольных вучэнняў у 2009-м і 2013-м годзе – такіх захадаў бяспекі не патрабавалася. Галоўнакамандуючыя не баяліся ніякіх снарадаў і назіралі за вайсковымі гульнямі. Праўда, цяпер, пасля падзення двух расейскіх самалётаў і ракетных абстрэлаў гледачоў у расейскай частцы вучэнняў, засцярогі лідара Беларусі выглядаюць ў пэўнай ступені абгрунтаванымі.

Сёння Лукашэнка заявіў пра дзве розныя часткі манеўраў

Хоць афіцыйная легенда вучэнняў кажа пра толькі адзін – беларускі эпізод. Урэшце ўмоўная Вейшнорыя нападае на Беларусь, а не на Расею. Спецыялісты ўпэўненыя – гэта прыкмета адсутнасці ўзаемадзеяння паміж хаўруснікамі.

З іншага боку, калі ў беларускай частцы вучэнняў удзельнічаюць каля 13-ці тысяч салдатаў з абодвух бакоў, то ў расейскай бяруць удзел паводле ацэнак НАТО дзясяткі тысяч салдатаў і нават флот. Гэта супраць Вейшнорыі, якая згодна з сюжэтам манеўраў не мае выхаду да мора. Расея не ўпершыню выкарыстоўвае інфармацыйны шум вакол беларускай часткі вучэнняў.

Тады ж Расея адпрацоўвала і ўмоўны ядравы ўдар па Варшаве, пра магчымы паўтор чаго сёння заявіла польскае Міністэрства абароны. І пакуль афіцыйны «Захад» завяршыўся, расейскія войскі працягваюць манеўры.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама