Лета на здароўе. Каронавірус у летніках


Прыехаць на адпачынак у вядомы летнік «Зубраня» нельга было без медычнай даведкі, якая «пацвярджае адсутнасць кантактаў першага ўзроўню». З сімптомамі хваробы таксама не прымалі. Але ўсе гэтыя захады не дапамаглі: першая летняя змена скончылася выбухам Ковіду-19. «Зубраня» на мапе выбухаў хваробы – пакуль адзіны летнік. Але і змены ў ім пачаліся раней за іншых – з 27-га траўня. Аднак не ўсіх бацькоў каронавірус напалохаў.

«Дзеці таксама адседзелі ўдома, падзець няма куды, у кватэрах таксама складана сядзець. Мы ў «Зубраня» не першы раз, гэтаму летніку давяраю, таму выбралі ў гэтай сітуацыі яго», – расказвае маці адпачынніка ў летніку Алеся.

Гэтым летам дзяцей прымае 31 загарадны летнік. Захады бяспекі ў іх аднолькавыя: абавязковыя медычныя даведкі і назіранне за станам здароўя дзіцяці, забарона на наведанне для бацькоў. Праграмы адпачынку бязвыезныя.

«Тое, што трэба летам дзецям: быць у руху. Гэта адлюстроўвае сутнасць, як я бачу ідэальнае лета».

Кацярына Карчэўская, маці чацвярых дзяцей, сёлета таксама адправіла дзяцей у летнік. Важным крытэрам выбару сталася колькасць адпачывальнікаў.

«Усачыць за трыццаццю і спрагназаваць магчымасць выбуху і ўсачыць за сотняй. Мне здаецца, гэта розныя магчымасці трэба мець. У такі б летнік я не адправіла», – кажа Кацярына.

Тым не менш Кацярына задаволеная захадамі для перадухілення распаўсюду інфекцыі, якія зрабіў летнік, дзе адпачывалі ейныя сыны.

«Сустракалі ў амуніцыі, апрацоўвалі, памералі тэмпературу і ўсё, яны ад бацькоў адыходзілі. Змена была без наведанняў. Адтуль з важатых ніхто не з’язджаў. Яны нават мылі ў хлопцаў у пакоях самі, каб не запрашаць лішняга персаналу».

Акрамя загарадных, у Беларусі працуюць прыблізна 800 стацыянарных летнікаў, то бок з дзённым перабываннем. Асноўныя захады бяспекі ў іх звязаныя з колькасцю дзяцей у атрадзе – не больш за 15 асобаў, кожнаму атраду – сваё памяшканне.

Бацькі, якія сёлета не наважыліся зарганізаваць дзецям калектыўнага адпачынку ля вогнішча, называюць розныя прычыны.

«Даволі вялікая колькасць дзяцей у гэтых групах там працяглы час, таксама з імі ёсць тыя, хто за імі наглядае. Гэта значна можа ўскладніць эпідэмічную сітуацыю ў нашай краіне».

«Улічваючы тое, што я працую ў школе, у мяне дзеці не хадзілі ўсю чвэрць, а потым бацькі адпраўляюць іх у лагер, мне не зусім зразумела».

«У гэтым годзе не паедзе, я лічу, што трэба адмяніць лагеры, бо гэта небяспечна. Дзеці, вядома, пераносяць лёгка, але пакутуюць бацькі і старыя».

Міністэрства аховы здароўя Беларусі традыцыйна падае лічбы агулам па краіне. Афіцыйнай інфармацыі пра колькасць тых, хто захварэў на Ковід-19 у канкрэтных установах, у тым ліку ў летніку «Зубраня», не называюць.

Алена Дубовік