«Лепш сённяшняя ўлада, чым Расея» – беларусы супраць інтэграцыі, Лукашэнка за


Замест братэрскіх абдымкаў Масква выкручвае рукі Беларусі: коштамі на газ і нафту, манапалізмам і барʼерамі для беларускіх тавараў. Такія словы сёння вымавіў галоўны інтэгратар постсавецкай прасторы – Аляксандр Лукашэнка:

«Новы тэрмін зʼявіўся ў саюзе – «прымус да інтэграцыі». І дзіўна, што пачалося гэта з прымусу да інтэграцыі Беларусі… Няма нармальных правілаў. Права сілы – нахіліць, прымусіць. Гэта не нармальна».

Даючы наказ на дарогу Міхаілу Мясніковічу, які паедзе ў Маскву як старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, Лукашэнка паскардзіўся, што дагэтуль няма адзінага рынку нафты, газа, мяса і малака ды нават алкаголю. У Еўразійскім саюзе, дзе вядзе рэй Расея, няма свабоды перамяшчэння тавараў, паслугаў, працоўнай сілы і капіталу, а ёсць пафігізм і прымусы.

«Фактычна ён гэтую шматгадовую гульню ў братнюю інтэграцыю прайграў. І цяпер трэба неяк апраўдвацца, трэба электарату тлумачыць, чаму не будзе эканамічнага росквіту, а наадварот усё пойдзе ўніз. І, натуральна, цяпер ён паказвае, што Расея гэта імперыя, нібыта ён толькі цяпер пра гэта даведаўся», – усміхаецца палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Ад эканамічнай інтэграцыі з Масквой нясе страты і беларускае машынабудаўніцтва, падкрэслівае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч. Расейская сістэма дзяржзакупак купляе толькі расейскія грузавікі, незалежна ад кошту і якасці. Не лягчэй і швейным фабрыкам.

«Беларуская лёгкая прамысловасць цярпіць ад канкурэнцыі з боку кантрабанды, якая ідзе праз Казахстан, Кыргызстан, Арменію і ўласна Расею, але таксама і праз Беларусь. Але праз Беларусь ідуць плыні (кантрабанднай) вопраткі з Турцыі пад яўным прыкрыццём улады ў абыход мытаў, якія ствараюць канкурэнцыю беларускай лёгкай прамысловасці, але пры гэтым узбагачаюць чыноўнікаў», – распавядае пра ранейшыя расследванні «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Адначасова штучныя барʼеры для беларускіх тавараў – ад сыра да тушонкі – Крэмль выкарыстоўвае для ціску на беларускую эканоміку і кіраўніцтва.

«У Расеі зараз яўная мэта давесці справу да рэальна функцыянуючых наднацыянальных органаў і адзінага рубля», – тлумачыць Станіслаў Івашкевіч.

Але адмаўляцца ад ідэі паглыбленай інтэграцыі Лукашэнка не хоча. Былому прэмʼеру Мясніковічу ён наказаў рыхтаваць новыя дамовы.

«Мы плануем у траўні падпісаць у Менску стратэгію інтэграцыі да 2025 года… Мы мусім прапанаваць сурʼёзны варыянт гэтай стратэгіі. Без усялякіх агаворак».

Рабіць упор не на абдымкі з Масквой, а на Еўразійскую групу таварышаў – гэта такі хітры ход, мяркуе Аляксандр Класкоўскі:

«Гэта надзея вырашыць у еўразійскім фармаце тое, што не ўдалося ў двухбаковым фармаце з РФ. І найперш гэта тычыцца цэнаў на энерганосьбіты. Бо ў межах Еўразійскага звязу было дамоўлена да 2025 года ўтварыць адзіныя рынкі энергарэсурсаў. А якраз нафта і газ – самае балючае на сёння».

А што мяркуюць грамадзяне? «Белсат» апытаў 21 асобу, выразна супраць інтэграцыі з Расеяй – 16. Выразна за – толькі 1 чалавек. Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Вы мяне, канешне, не пакажаце, але я цалкам за ўваход у склад Расеі».

«Гэта абсалютна бессэнсоўная рэч, якая нам, як нацыі, пагражае выміраннем».

«Расея гэта дзяржава злодзеяў, калі шчыра, і нават пры цяперашняй уладзе я б не хацеў жыць так, як там».

«Раней трэба было думаць, а не цяпер, калі бяруць за горла. Але ўсё роўна не здавацца».

Адначасова з рэзкімі заявамі ў бок Масквы кіраўніцтва Беларусі працягвае рэпрэсіі супраць удзельнікаў снежаньскіх акцыяў у абарону незалежнасці. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», агулам асудзілі 132 асобы, сума штрафаў $ 65 тыс., сума арыштаў – 375 дзён.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»