Лавіць браканьераў будзе былы выведнік КДБ

Супрацоўнікі спецслужбаў Беларусі – прафесіяналы шырокага профілю. Відавочна, гэтак мяркуе кіраўнік краіны, прызначаючы на розныя кіроўныя пасады былых сілавікоў і «чэкістаў». Да прыкладу, былы спецслужбовец КДБ цяпер раптам пачне змагацца з браканьерствам. І гэта – далёка не адзіны прыклад нестандартных падыходаў у кіраванні краінаю.

Сачыць за прыродаю і жывёлінамі часова будзе былы «чэкіст» і вайсковы контрвыведнік КДБ Аляксандр Назаранка. Адпаведнае рашэнне прыняў кіраўнік дзяржавы. Былога начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Сяргея Новікава звольнілі напярэдадні. Маўляў, у структуры выкрылі занадта шмат фактаў карупцыі.

«Ну проста срамата! Загружаюць фуру гэтай, напэўна, паўмёртвай рыбай, ды вязуць у Менск – па адрасах развозяць! Адкуль інфармацыя пайшла? Звычайны кіроўца, які гэта вёз, лаянка на лаянцы, кажа: ды колькі можна, у мяне ўжо машына растапырылася, развальваецца ад гэтага грузу, не магу давезці яго, я ўжо забыў, калі спаў!», – казаў Лукашэнка ў пасланні народу і парламенту.

У сваім апошнім пасланні Лукашэнка падкрэсліў, што сілавікі працягваюць весці барацьбу са следствам, а не з прычынамі карупцыі. А для змагання з прычынамі – патрэбныя эфектыўныя кіраўнікі. У разуменні Лукашэнкі – гэта перадусім людзі, звязаныя біяграфіяй з войскам і спецслужбамі. Гэтак, кіруе справамі прэзідэнта былы вайсковец Віктар Шэйман, які мае больш за 40 ордэнаў і медалёў. Непрыхаваная любоў да людзей у пагонах – слабасць кіраўніка дзяржавы, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Кожная нейкая несанкцыянаваная актыўнасць, у любой сферы, вельмі напружвае кіраўніцтва Беларусі. Я думаю, што падсвядома, прызначаючы сілавікоў, Лукашэнка думае – гэтыя людзі ўмеюць трымаць пад каўпаком сітуацыю», – кажа кіраўнік аналітычных праектаў «БелаПАН» Аляксандр Класкоўскі.

Сваё вялікае жаданне кантраляваць усё і ўсіх неаднаразова пацвярджаў і сам Лукашэнка. Месяц таму, прызначаючы былога кадравага вайскоўца Уладзіміра Жаўняка на пасаду галоўнага ідэолага, кіраўнік краіны загадаў яму «ствараць сістэму, патрабаваць і дзейнічаць».

«А ідэалагічнай працай трэба займацца ўсім – пачынаючы ад прэзідэнта і заканчваючы кіраўнікамі прадпрыемстваў», – лічыць кіраўнік Беларусі.

Больш за ўсё Лукашэнка клапоціцца пра спорт. Маўляў, менавіта ў гэтай галіне не стае дысцыпліны. Два месяцы таму міністрам спорту і турызму стаў Сяргей Кавальчук, які дагэтуль 14 гадоў працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта. Між тым і папярэдні міністр спорту Аляксандр Шамко меў званне генерал-маёра. Падобная сітуацыя – і ў спартовых федэрацыях. Там на кіроўных пасадах – ледзь не кожны другі – сілавік ці чыноўнік. Вось толькі эфектыўнасць такіх прызначэнняў бачыць хіба толькі сам Лукашэнка.

«Спорт – гэта стратэгічная галіна ў Беларусі. Любыя аўтарытарныя рэжымы робяць вельмі вялікую стаўку на спорт. Праз спорт зарабляюць дывідэнды на іміджы», – кажа карэспандэнт радыё «Свабода» Ігар Карней.

У вулічным апытанні «Белсату» жыхары Менску тлумачаць сітуацыю тым, што, імаверна, «сілавікі больш надзейныя».

Магчыма таму эканоміка, спорт і гуманітарныя галіны ў Беларусі ўжо шмат гадоў, як вайскоўцы, топчуцца на адным месцы – раз, два.

Сцяпан Святлоў; фота – Васіль Фядосенка/Reuters

Глядзі таксама