Курапаты. Замест свята рэвалюцыі – экскурсія пра жахі камунізму


Свята на крыві сотняў тысячаў бязвінна забітых людзей. Гадавіну Кастрычніцкага перавароту ў Беларусі адзначаюць на дзяржаўным узроўні. Праўда, па-за ўвагай кіраўніцтва, што прыйшло да ўлады на хвалі настальгіі па Савецкім Саюзе, застаюцца незлічоныя ахвяры камуністаў.

Каб ушанаваць памяць ахвяраў, актывісты зладзілі экскурсію па Курапатах

«Для мяне 7-га лістапада – гэта ніякае не свята. Гэта ганьба. Гэта трагедыя для майго народу. Усё, што я магу зрабіць зараз – гэта прыйсці на нейкую добрую імпрэзу, як гэтая экскурсія ў Курапатах», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

На ўскрайку сучаснага менскага раёну Зялёны Луг у 1930–1940 гг. быў глухі сасновы бор, які служыў найбуйнейшым у рэспубліцы расстрэльным палігонам. Паводле незалежных гісторыкаў, тут можа быць пахавана да 250 000 чалавек.

Тым не менш, пад сцягамі тых, хто катаваў, сёння на афіцыйнае святкаванне стагоддзя перавароту выйшла толькі ў сталіцы больш за 1000 асобаў. У Курапатах сабралася непараўнальна менш – каля 20-ці чалавек.

Гадавіна кастрычніцкага перавароту – чырвоны дзень календара ў Беларусі. Афіцыйнага ж дня, калі ўшаноўваюць ахвяраў камуністычных катаў, – няма.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum