Курапаты. Дзе памяць аб рэпрэсаваных?


У гэтым лясным масіве ў адпаведнасці з пастановай Савету Міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 года будзе пабудаваны помнік ахвярам рэпрэсіяў 1937–1941 гадоў. Помнік сапраўды паўстаў.

Мемарыяльны знак усталявалі летась на гары крыжоў. Была зробленая дарога памяці, хоць і не ўсе абаронцы згодныя з канцэпцыяй гэтага знаку і месцам усталявання. Алесь Чахольскі, КХП БНФ:

«Чыноўнікам трэба было ўлезці. Помнік да гэтага месца ўвогуле не пасуе. І мы пра гэта не аднойчы казалі, ён мусіў стаяць у іншым месцы. Ёсць канцэпцыя мемарыялізацыі далейшай: на тэрыторыі самога помніка толькі лес, магілы і крыжы».

Яшчэ ў 1993 годзе месца масавых расстрэлаў занеслі ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў як помнік першай катэгорыі. У 2000 годзе дзяржава хацела пракласці праз Курапаты Менскую кальцавую дарогу – і толькі дзякуючы пратэсту актывістаў удалося прымусіць перанесці яе ў іншае месца. У 2017 годзе на тэрыторыі ахоўнай зоны з боку вуліцы Мірашнічэнкі збіраліся пабудаваць бізнес-цэнтр, і тады грамадзяне змаглі адстаяць Курапаты.

«У 2017 годзе, калі забудоўнік, прыватны бізнесмен, адмовіўся будавацца, у межах ахоўнай зоны Курапатаў, і калі нават Лукашэнка неаднойчы пачаў выказвацца пра Курапаты, мы мелі ілюзію, што сапраўды кропка стаіць. І не будзе тут будоўляў ніякіх, рэстаранаў», – кажа Зміцер Дашкевіч, абаронца Курапатаў.

Але на наступны год побач з месцам расстрэлаў адкрыўся забаўляльны рэстаран «Паедзем паядзім». Дзеля яго будаўніцтва чыноўнікі змянілі тэрыторыю ахоўнай зоны ўрочышча. Ад пачатку лета каля аб’екту дзяжураць актывісты, якія дамагаюцца закрыцця рэстарану.

«Дзяржава, скажам так, толькі супрацьдзейнічала гэтым рухам і ўпарадкаванню мемарыялу. І менавіта за трыццаць гадоў мы, яшчэ раз падкрэсліваю, беларускі народ – паставіў тысячы крыжоў, упарадкаваў гэтыя 26 гектараў, магілаў, і даглядае за гэтым», – гаворыць Алесь Чахольскі, КХП БНФ.

Улады ўвялі новую практыку: караць абаронцаў Курапатаў. Гэтак сталася, калі сябры КХП БНФ вырашылі замяніць спарахнелы крыж, які раней усталёўвалі літоўцы ў памяць аб забітых у Курапатах суграмадзянах.

«Грамадзяне Літвы адгукнуліся, яны вырабілі крыж у сваёй літоўскай традыцыі нацыянальнай, народнай. Ён быў выраблены з дубу, вельмі прыгожы», – распавядае Юрась Беленькі, КХП БНФ.

Напрыканцы мінулага года актывісты ўсталявалі крыж на месцы старога. Але працаўнікі лясной гаспадаркі яго забралі. У выканкаме ж Менскага раёну сёння склалі пратакол на Юрася Беленькага і Валерыя Буйвала за парушэнне артыкулу 19 частка 3 Адміністратыўнага кодэксу: за стварэнне пагрозы помніку ці парушэнне парадку выканання працаў на гістарычна-культурных аб’ектах. Разгляд справы ў бліжэйшы аўторак.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu