Куды сыходзяць чыноўнікі пасля адстаўкі?


Постсавецкія інтэграцыйныя структуры, кампаніі ды банкі з расейскім капіталам – менавіта там сустракаюць пенсію былыя міністры. Пра кар’еру беларускага функцыянера на прыкладзе сімвалу беларускага аграпраму – былой намесніцы міністра Надзеі Каткавец.

На пачатку 90-ых Надзея была галоўнаю эканамісткаю саўгасу

Але не звычайнага саўгасу, а калгасу «Гарадзец», які ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка. Пасля таго, як Лукашэнка ўзначаліў краіну, угару пайшла і кар’ера ягонай паплечніцы. З 2003-га да 2012-га яна была намесніцаю міністра сельскай гаспадаркі Беларусі.

Любоў журналістаў Надзея Каткавец заваявала непаўторнаю манераю сваіх выступаў.

«Думаю, што як бы нам у гэтай сувязі ў тлумачэнні гэтаму пытанню і можа быць нават не гэтаму пытанню, а як бы нашай пазіцыі, што ўсё-такі мы яшчэ далёка ў шмат якіх пазіцыях ад сусветных цэнаў і ад цэнаў, на прадукцыю якіх даходзіць да канчатковага пакупніка ў нашых краінах… краінах нашых суседзяў», – заявіла Надзея.

Пасля таго, як Каткавец пакінула Міністэрства сельскай гаспадаркі, яна накіравалася ў Маскву, дзе ўзначальвала Дэпартамент аграпрамысловага комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Аднак ужо праз год Надзея Каткавец вярнулася ў Менск, каб зрабіцца намесніцаю кіраўніка справамі прэзідэнта.

Нядаўна ў кар’еры Надзеі Каткавец адбыўся новы паварот

Яна заняла пасаду намесніка генеральнага дырэктара Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Міжнародная кампанія будзе вырабляць амінакіслоты і камбікорм для жывёлагадоўлі.

«Яна будзе прадстаўніком уладаў, які будзе адказваць за развіццё кампаніі. Можа быць, яна не ўмее гаварыць, усім яна вядома выказваннямі пра «хаацічэскія цэны», але, я думаю, яна разбіраецца ў сельскай гаспадарцы», – мяркуе эканамічны аглядальнік Аляксандр Ярашэвіч.

Сувязь са збеглым дыктатарам Каргызстану?

Цікава, што больш як палова акцыяў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі – у руках людзей з атачэння зрынутага прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева.

«Кіраўніком гэтай біятэхналагічнай карпарацыі, яе генеральным дырэктарам з’яўляецца Данііл Урыцкі або Даніяр Усенаў – гэта былы прэм’ер-міністр Кыргызстана, які асуджаны ў сваёй краіне за саўдзел у забойстве людзей, а таксама за перавышэнне ўладных паўнамоцтваў і аб’яўлены ў міжнародны вышук», – тлумачыць спадар Ярашэвіч.

Кар’ера Каткавец даволі тыповая для экс-міністра

Іх звычайна ўладкоўваюць у міжнародныя структуры, або яны знаходзяць сабе працу ў банках і міжнародных кампаніях – найчасцей з расейскім капіталам.

Напрыклад, былы міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў, які разганяў Плошчу 2010-га года, працуе ў выканкаме Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Ягоны папярэднік на міністэрскай пасадзе Уладзімір Навумаў, які разганяў намётавае мястэчка на Кастрычніцкай у 2006-ым, пасля адстаўкі з’ехаў у Маскву і некаторы час працаваў у дзяржаўнай карпарацыі «Ростехнологии».

У Маскве доўгі час працаваў і былы беларускі прэм’ер Уладзімір Ярмошын, які цяпер ёсць дарадцам беларуска-расейскай будаўнічай фірмы «Знешэканомбуд».

«Гэта чысты разлік. Разлік за паслугі, якія гэтыя чыноўнікі аказвалі расейскаму ўраду альбо бізнэс-структурам тут, у Беларусі», – упэўнены палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Найчасцей экс-міністраў можна знайсці ў кіраўнічых органах банкаў

Напрыклад, у Назіральнай радзе беларускага прадстаўніцтва расейскага «Альфа-Банку» засядае былы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Урал Латыпаў. Былы шэф КДБ Сцяпан Сухарэнка працуе ў беларускім дзяржаўным Банку развіцця.

«Чалавек з досведам віцэ-прэм’ера або міністра мае сувязі і мае досвед. Ён мае пэўны ўплыў нават на прыняцце дзяржаўных рашэнняў», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута.

У назіральных радах банкаў, якія належаць заходнім ды расейскім інвестарам, засядаюць і сімвалы беларускіх дэвальвацыяў – былыя старшыні Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч ды Надзея Ермакова. Былыя міністры робяцца паспяховымі лабістамі – ніхто з іх не застаецца пакрыўджаным.

Аляксандр Папко, «Белсат», фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY