Куды падзець смецце? У Лынтупах закрылі смеццевы мініпалігон

У Беларусі ліквідуюць смеццевыя мініпалігоны, замест іх будуць карыстацца буйнымі ды абсталяванымі для захоўвання смецця пляцоўкамі. У Пастаўскім раёне тыдзень таму закрылі апошні мініпалігон у пасёлку Лынтупы. Праўда, пасля закрыцця ў мясцовых жыхароў з’явілася да ЖКГ некалькі пытанняў.

«Першае: знайсці альтэрнатыву вось гэтай смеццевай пляцоўцы, якая на сённяшні дзень не прадстаўлена. Другое: правільна правесці сартаванне смецця», – кажа мясцовы жыхар Ігар Пастухоў.

Цяпер смецце на Лынтупскім мініпалігоне разраўноўваюць і засыпаюць глебай. Частка ўжо схаваная.

Як у Беларусі працуе перапрацоўванне адкідаў?

Кіроўца экскаватара Рыгор Ранецкі дзеліцца тым, што ведае: «Мне сказалі, зробяць поле, потым засыплюць пяском і пасеюць лес».

Але ў Пастаўскім ЖКГ кажуць, што ніякіх працаў, акрамя выраўноўвання смецця, не праводзяць, і што будуць рабіць з землямі, пакуль не ведаюць – праекту на працы няма.

«Мы яго зачынілі, паставілі там аншлагі, што ён зачынены. Цяпер выраўноўваем, потым пры фінансаванні будзе зроблены там праект на рэкультывацыю», – так тлумачыць сітуацыю намеснік дырэктара Пастаўскай ЖКГ Сяргей Пляшкун.

У сваю чаргу Аляксандр Стодзік, дырэктар смеццевага палігону ў Паставах, куды цяпер звозяць смецце з Лынтупаў, сітуацыю з зачыненай сметніцай каментуе інакш: «Яна засыпаная, і вось пачынаецца перагной, угнаенне. Усе перагніе, і будзе проста поле з травой. І пластык, які быў, ён вельмі тоўстым пластом перасыпаны, ён шкоды не нанясе ні нам, ні прыродзе».

Ці ўмееце вы сартаваць смецце? Прайдзіце тэст!

У Беларусі закопваць смецце, а не перапрацоўваць яго, – тэндэнцыя. Паводле Канцэпцыі стварэння абʼектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адкідаў, у 2018 годзе закапалі 94 адсоткі цвёрдых адкідаў. За тыдзень, што Лынтупы жывуць без сметніку, у навакольных лясах пачалі зʼяўляцца несанкцыянаваныя звалкі. Смеццевых кантэйнераў на вуліцы Школьнай у Лынтупах – два. А дамоў каля 70-ці. І такая сітуацыя не толькі на Школьнай. Ці хапае жыхарам Лынтупаў месцаў, куды смецце можна выкінуць легальна? Большасць жыхароў, з якімі атрымалася паразмаўляць, не ведаюць – дзе цяпер маюць пакідаць адкіды.

«А як вялікае смецце, абрэзка саду, куды падзець?»

«Я не магу скардзіцца. Каля мяне стаіць дзве сметніцы».

«Кантэйнераў не хапае! На кожнага жыхара колькі павінна быць? Тут у нас у Лынтупах ну колькі, штук 12, можа?»

Прыбіраць звалку далей ад пасёлку, са словаў мясцовых, можна было б толькі пры наладжанай арганізацыі вывазу смецця. Але ж афіцыйных нормаў, якімі можна кіравацца ў гэтым пытанні, няма.

«Ёсць пэўныя нормы забеспячэння кантэйнерамі на збор, але пра асобны збор спецыяльнай нормы няма, на жаль. Усё на ўзроўні рэкамендацыяў, канцэпцый і планаў развіцця», – каментуе юрыст Сяргей Магонаў.

Паводле адмыслоўца, праблема з ліквідацыяй мініпалігонаў – агульнанацыянальная. Агулам у Беларусі больш за тысячу такіх сметніцаў, пасля закрыцця якіх трэба выдаткаваць немалыя грошы на тое, каб людзі мелі магчымасць выкідаць смецце легальна.

Алена Дубовік, Белсат

Глядзі таксама