Крэмль згортвае актыўнасць у Венесуэле?


Балівар не вынесе двох! Як паведамляе «Wall Street Journal» са спасылкаю на ўласныя крыніцы ў расейскім міністэрстве абароны, Масква, падобна, згортвае актыўнасць у Венесуэле. Гэтак, дзяржкарпарацыя «Ростех» вывозіць сваіх вайсковых спецыялістаў. Амбасада Расеі ў Каракасе гэтую інфармацыю абвяргае.

Цягам апошніх 15 гадоў Расея вылучыла Венесуэле крэдытаў на 17 мільярдаў долараў. Да 2013 года, пакуль цана на нафту не абрынулася ўдвая, супраца паміж краінамі ішла больш-менш паспяхова. Калі Нікаляс Мадура апынуўся перад фактам, што нафтавая эканоміка знішчыла ўнутраны сектар, гіперінфляцыя перавысіла 2 мільёны адсоткаў, а крэдыты трэба вяртаць, ён пачаў шукаць вінаватых. Імі сталіся імперыялісты ў асобе ЗША. Крэмль падтрымаў гэты трэнд.

Таццяна Русакова, Цэнтр вывучэння крызіснага грамадства:

«Для нас гэта найперш іміджавы чыннік, бо мы, з аднаго боку, паказваем, што мы яшчэ там, бо мы яшчэ вельмі складана намагаліся вярнуцца ў Лацінскую Амерыку і, шчыра кажучы, у нас агулам гэтага не атрымалася».

У эканамічна-палітычным супрацьстаянні з ЗША ў Нікаляса Мадура вызначыліся два галоўныя хаўруснікі: Расея і Кітай. Агульная сума крэдытаў, якую Венесуэла завінавацілася ўсім сваім крэдыторам, перавышае 100 мільярдаў долараў.

«Падтрымліваць рэжым Нікаляса Мадура для нас робіцца з кожным годам і нават з кожным месяцам усё цяжэй і цяжэй. Па-першае, бо мы самыя пад сур’ёзнымі санкцыямі», – тлумачыць Таццяна Русакова, Цэнтр вывучэння крызіснага грамадства.

Ці здолее Масква ў прынцыпе вярнуць усе свае ўкладзеныя грошы – пытанне адкрытае на доўгатэрміновую перспектыву. Хто ж мае трымаць адказнасць за дзяржаўныя страты?

Найглыбейшы крызіс закрануў амаль усе галіны эканомікі. Паводле звестак Фармацэўтычнай федэрацыі Венесуэлы, у краіне адсутнічае 85 адсоткаў неабходных лекаў. У больніцах дзеці паміраюць папросту таму, што іх няма чым лекаваць.

Эрыка Альтувэ хавалі ўсім кварталам трушчобаў Каракасу, дзе ён пражыў сваё кароткае жыццё працягласцю 11 гадоў. Хлопчык памер ад рэспіраторных захворванняў у часе лекавання раку страўніка. Папросту таму, што за апошнія паўгода не было аніякіх лекаў, каб уратаваць яму жыццё. Маўрысьё Навас, бацька хворай на рак дзяўчынкі:

«Прэзідэнт гаварыў, што ёсць блакада ЗША, але задоўга да гэтага мы апынуліся ў гэткай самай сітуацыі. Чаму яны абвінавачваюць ЗША, я не разумею. Мадура таксама кажа, што няма грошай, але ж ёсць грошы, каб купляць зброю, купляць уніформу. Аднак няма грошай, каб падняць будучыню Венесуэлы, палепшыць больніцы».

Маленькая Мар’яна пакутуе на рак коснага мозгу. На яе вачох ужо памерлі некалькі дзяцей, з якімі яна была ў адной палаце больніцы. Ейныя бацькі спадзяюцца на цуд і вераць, што дзяўчынка дасць рады адужаць хваробу.

Нікаляс Мадура, кіраўнік Венесуэлы:

«Імперыялісты абвесцілі, што ідуць з санкцыямі, каб знішчыць гуманітарную праграму. Вычварны імперыялізм, імперыялізм без маралі, імперыялізм без сораму».

Пакуль прэзідэнт Венесуэлы змагаецца на ідэалагічных франтах з ЗША, дзеці Венесуэлы змагаюцца са смерцю. І найчасцей церпяць паразу ў фінальнай бітве. Магчыма, калі Нікаляс Мадура ўсё ж страціць аднаго з галоўных хаўруснікаў, сітуацыя пачне змяняцца ў супрацьлеглы бок.

Ігар Віняўскі, Валера Руселік, belsat.eu

Фота: Miraflores Palace / Handout via REUTERS ATTENTION EDITORS / Forum