Козыры есць не толькі ў Масквы

Тарыфы на транзіт расейскай нафты праз Беларусь не павінныя з 1 жніўня павялічыцца на няпоўныя 22 адсоткі. У Крамлі палічылі, што «Гомельтранснафта Дружба» выставіла завысокія патрабаванні. Гэтак Масква анансавала сённяшнія перамовы аб транзіце нафты з віцэ-прэмʼерам Беларусі Ігарам Ляшэнкам.

«Патрабаванні наконт павышэння тарыфу на транзіт нафты праз Беларусь справядлівыя, але не да такой ступені, якая была заяўленая беларускім бокам. Не да такой ступені», – заявіў віцэ-прэм’ер Расеі Дзмітрый Козак.

Справядлівым жа тарыфам расейскі чыноўнік лічыць мінімальны – такі самы, як на тэрыторыі Расеі.

«Вуснамі Козака Расея нарэшце прызнала, што Беларусь, будучы ключавым транзіцёрам нафты для Расеі, прадае свае транзітныя паслугі танней, чым, уласна, сама Расея сабе. То бок чым «Транснефть» – нафтавым кампаніям», – зазначае палітолаг Валерыя Касцюгова, галоўная рэдактарка сайту «Наше мнение».

Расейскі віцэ-прэмʼер таксама дадаў, што тарыфы транзіту індэксуюцца раз на год – 1 студзеня. Тым не менш, Дзмітрый Козак сцвердзіў, што Расея мае кампраміснае рашэнне, але не агучыў яго.

«Любыя перамовы – гэта пытанне кошту прапановы, кошту попыту. Кошт расейскага попыту вызначаецца магчымасцю экспарту праз расейскія парты. Дастаткова нам завысока ўзняць цэны, як мы атрымаем ужо чыста расейскі транзіт праз уласныя тэрміналы», – кажа Леанід Заіка, эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

А таму, паводле Леаніда Заікі, беларускаму боку варта паводзіцца дыпламатычна пры перамовах з Расеяй.

Аднак палітолаг Валерыя Касцюгова падкрэслівае, што транзіт расейскіх энергарэсурсаў – гэта козыр Беларусі. І чый рычаг уплыву акажацца мацнейшы, гаварыць рана. Апытаныя намі жыхары сталіцы схільныя бачыць у заблытаных перамовах наконт нафты больш палітыкі, чым эканомікі:

«Думаю, палітыкі, хутчэй за ўсё. Тут пра эканоміку думаюць у апошнюю чаргу. Жыццё такое!»

«Для Расеі важна палітыка. Іх уплыў, яны пашыраюць, ім палітычна важней».

«Я думаю, што гэтыя два паняцці неразрыўна звязаныя. І палітыка, і эканоміка».

«Я думаю, што ўсё ж такі і тое, і другое. Таму што ідзе ўсё ж такі нейкая тэндэнцыя да збліжэння і да інтэграцыі».

Акурат напярэдадні Міністэрства фінансаў нашае краіны размясціла праспект каштоўных папераў у банку Расеі ды афіцыйна прызнала, што вызначальная рызыка для Беларусі – адносіны з Расеяй. За апошнія 10 гадоў Беларусь атрымала ад Масквы крэдытаў на 9 мільярдаў долараў, але…

«Няма ніякіх гарантыяў, што Беларусь працягне атрымліваць аналагічнае фінансавае падтрыманне ад Расеі ў будучыні», – гаворыцца ў праспекце Мінфіну.

Паводле ж Валерыі Касцюговай, Беларусі, каб пазбегчы эканамічнага крызісу, трэба не столькі шукаць адмысловых прапановаў з боку Расеі, колькі проста пачаць рэфармаваць сваю эканоміку:

«Трэба памяняць сістэму стымулаў, і прадпрыемствам павінна быць выгадна зарабляць і не траціць. І калі яе памяняць, не трэба будзе гэтая танная нафта, якая штогод закрывае розніцу між тым, колькі мы трацім і колькі зарабляем».

Аднак такіх размоваў на высокім узроўні не назіраецца.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Глядзі таксама