Кошты навучання ва ўніверсітэтах выраслі нават на 400 рублёў


Заўтра стартуе прыём дакументаў для абітурыентаў. Падацца на бюджэтную форму навучання трэба цягам 5 дзён, на платную форму дакументы можна падаваць ажно да 4 жніўня. Сёлета ўніверсітэты раней, чым звычайна, апублікавалі расцэнкі на навучанне. Звязана гэта з тым, што цэны на яго павысіліся.

Такіх традыцыяў у беларускіх дзяржаўных універсітэтах няма. Затое пасля заканчэння ўніверсітэту ёсць традыцыя абавязковага размеркавання. Калі хочаш яго пазбегчы або проста не паступіў на бюджэтную форму навучання – можна вучыцца на платнай. Але ад верасня навучанне стане даражэйшае. Абітурыенты, цяперашнія студэнты-платнікі ды іхныя бацькі пераважна не ў захапленні:

«Я не гатовы плаціць больш, бо яно не вартае таго».

«Калі б тады, як я паступала, я б не пайшла нават на вышэйшае: не ўсе беларусы гатовыя плаціць за адукацыю, якая цяпер і не вельмі патрэбная».

«Канечне, б’е, бо сабраць такую суму дастаткова буйную складана некаторым семʼям».

Гэтак, за гадавое навучанне ў Беларускім нацыянальным тэхналагічным універсітэце (БНТУ) першакурснікам давядзецца заплаціць на 300-400 рублёў больш, чым іхным папярэднікам летась. У Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка паднялі кошт на 300 рублёў, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт падняў цэннік найменш – на 100 рублёў.

Кошт навучання на 1 курсе:

БНТУ – BR 3380,05–3605,32

МГЛУ – BR 2790

БДПУ – BR 2666–2800

БДЭУ – BR 2564,40

Жыхары сталіцы каментуюць сітуацыю:

«Ацэньваю кепска, і за кепскую адукацыю не трэба плаціць увогуле».

«Лепш бы заробкі ўзнялі, тады і кошты на навучанне можна павысіць»

Эксперты, сярод якіх метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч, лічаць, што незалежна ад якасці навучання і коштаў на яго, ахвотных атрымаць дыплом аб сканчэнні ВНУ асабліва не паменее: для адных гэта спосаб «адкасіць» ад войска, для іншых лепш падрыхтавацца да небагатага на вакансіі рынку працы. З апошняй прычыны і дзяржаве выгадна, каб маладзёны даўжэй вучыліся:

«Гэта спосаб затармазіць беспрацоўе тых людзей, якія не могуць уладкавацца на працу. Гады, якія чалавек траціць на навучанне, паслабляюць ціск на беспрацоўе».

Паводле адмыслоўца, шмат выпускнікоў не могуць знайсці працу паводле сваёй спецыяльнасці. А некаторыя з тых, хто ўсё ж уладкоўваецца, на практыцы бачаць, што атрымалі веды, далёкія ад сучасных патрабаванняў жыцця. Як, напрыклад, педагогі, лічыць Уладзімір Мацкевіч:

«Іх рыхтуюць па старых уяўленнях пра сярэднюю школу, яны нават не разумеюць, не ведаюць, як спраўляцца з сённяшнімі тэхналагічнымі навінкамі, як будуецца сёння прарыўная адукацыя ў свеце».

На рашэнне плаціць за адукацыю ці не і за якую ў абітурыентаў застаецца ўсё менш часу: канчаткова трэба вызначыцца да 4 жніўня.

Вольга Старасціна, belsat.eu