Кошты на бензін падымуць напалову?


Толькі 5 дзён пратрымаліся ранейшыя кошты на паліва. Сёння адбылося чарговае падаражэнне. На 1 капейку, але гэта ўжо шостае падвышэнне цэнаў ад пачатку года, што не засталося незаўважаным аўтааматарамі.

Паліўны бізнес-па-беларуску выглядае ненармальна

Гэтак бензін на айчынных запраўках прадаецца танней за яго сабекошт. Як гэта магчыма? Нафтаперапрацоўчыя заводы кампенсавалі страты за кошт продажу паліва за мяжу, але апошнія месяцы і гэта перастала пакрываць страты. Для НПЗ застаўся адзіны шлях.

«Падвышаць кошты пакуль яны не выраўняюцца з расейскімі, пакуль гэта не стане прыбытковым для Белнафтахіму», – даводзіць Аляксей Хвашчынскі, галоўны рэдактар газеты «ABW.BY».

Кошты растуць у Расеі, вырастуць і ў нас

У Расеі на змену перадвыбарчай «стабільнасці», паводле экспертаў, мае прыйсці рэзкае вялікае падаражэнне паліва.

Чакаецца, што ў так званы перыяд сезоннага росту попыту на паліва, цэннікі на запраўках у Расеі пачнуць заўважна змяняцца, а значыць, і ў нас таксама.

«Калі мы хочам даведацца, якія кошты будуць у Беларусі летам ці бліжэй да восені, будзем глядзець на кошты на Смаленшчыне, на Браншчыне і Пскоўшчыне. І гэта значыць, што калі ў Расеі кошты падрастуць, то ў нас яны праз тыдзень-два, праз месяц вырастуць», – упэўнены спадар Хвашчынскі.

Капейка да капейкі – рублік атрымліваецца!

У Расеі чакаецца павышэнне на адразу 5 расейскіх рублёў за літр – гэта 17 беларускіх капеек. Але такое аднаразовае падаражэнне ў Беларусі наўрад ці будзе.

«Беларускі ўрад выкарыстоўвае методыку «жаба і кіпень». Калі нельга жабу зварыць у кіпені, трэба павялічваць тэмпературу на 1 градус і рабіць гэта кожныя 2-3 дні. Калі б улады паднялі кошт у эквіваленце да 1 долара, то быў бы бунт», – тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Будзе рост па капейцы, але часты

«Форма, якую выбралі ўлады, як я казаў з той жабай, людзі не адчуваюць, ніхто не будзе пратэставаць праз 1 капейку, а калі напрыканцы года атрымаецца ў суме 25 %, то людзі пабурчаць-пабурчаць ды скажуць, а можа, так і трэба», – дадае эканаміст.

Да канца года гэткімі тэмпамі кошты на паліва ўзнімуцца на чвэрць, калі не напалову. А гэта значыць, што павысяцца кошты і на харчы ды тавары. У сувязі з чым застаецца чакаць прынамсі такога ж росту заробкаў.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Retuters / Forum