«Колькі я дэпутатаў гэтых не выбіраў – усё аблом». Чаго чакаць ад выбараў-2018?


Да мясцовых выбараў яшчэ крыху больш за два месяцы. Але кампанія ўжо ідзе поўнаю хадою. Завершылася фармаванне ўчасткаў для галасавання, ідзе вылучэнне кандыдатаў. Тыя, хто сабраўся на выбары індывідуальна, а не ад працоўных калектываў ці партыяў, збіраюць подпісы. Самы час завітаць на падпісныя пікеты.

«Мы ўсе ідзем з адной тэмай – гэта тэма, што трэба паварочваць уладу тварам да народа і адчыняць дзверы мясцовых саветаў для людзей. Бо сёння галоўная праблема – закрытасць улады ад людзей, яна вырашае нейкія свае пытанні, займаецца прасоўваннем сваіх інтарэсаў», – кажа прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

«Настрой у людзей досыць песімістычны. У тым сэнсе, што яны падпісваюцца, але кажуць, што ўсё адно прызначаць таго, хто патрэбны ўладзе. На сённяшні дзень у нашай акрузе – гэта намеснік галоўнага дырэктара «Кераміна». Але мы не губляем аптымізму», – адзначае памочнік дэпутата Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка.

Аднак канчатковае рашэнне, як паказвае практыка, прымае ўлада. Не хавае гэтага і дэпутат парламенту Ганна Канапацкая, якая трапіла ў Палату прадстаўнікоў ад апазіцыйнае Аб’яднанае грамадзянскае партыі.

«Працаваць з людзьмі трэба. Таму што мы не ведаем, які крок зробіць ўлада і каго яна прызначыць. Я гэтаму тыповы прыклад. З нейкіх прычынаў яна вырашыла гэта зрабіць», – мяркуе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Таму збіраюць подпісы і тыя, хто называе сябе апазіцыяй, і праўладавыя прадстаўнікі. Што праўда, каля пікетаў апошніх рух зацікаўленых выбарцаў куды меншы.

«Тое, што канкурэнцыя патрэбная – гэта адназначна. Канкурэнцыя патрэбная – адназначна. Любая канкурэнцыя», – упэўнена прадстаўніца «Белай Русі» Ала Цэрлюковіч.

«На дадзеным этапе яны не канкурэнты. Усе аднолькавыя маюць магчымасці. Калі яны сабяруць пэўную колькасць подпісаў, каб удзельнічаць у выбарах, то яны і будуць удзельнічаць», – кажа прадстаўніца Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Алена Кірэева.

Сёння скончылася фармаванне выбарчых участкаў. І пра іх межы і месцы камісіяў стане вядома не пазней як праз дзесяць дзён. Таксама праходзіць вылучэнне кандыдатаў.

А яно можа адбывацца трыма шляхамі: праз збор подпісаў, чым цяпер і займаюцца прэтэндэнты, а таксама выступленне ад палітычных партыяў ці працоўных калектываў.

Грамадзянін можа вылучацца па адной з акругаў у абласны, раённы ці сельскі савет. Але не пазней за 8-га студзеня.

«Каб улада і тая палітычная сістэма, якая ёсць, запрацавала, калі ты кажаш, што ты палітык, ты проста абавязаны ўдзельнічаць у гэтых выбарах», – упэўнена прадстаўніца кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Словы палітыкаў гучаць, быццам яны нарадзіліся ўчора, а гэтыя выбары першыя ў іхным жыцці. І зусім не выбарчы цырк, дзе за ніткі цягае ўлада.

Жыхары Менску кажуць:

«Дваццаць пяць гадоў мы чакаем «раптам». Ну і што, развал поўны».

«Колькі я дэпутатаў гэтых не выбіраў – усё аблом».

Ці будзе «аблом» і гэтым разам? Мясцовыя выбары адбудуцца 18 лютага.

Сяргей Падсасонны, «Белсат». Фота – REUTERS/Vladimir Nikolsky