Колькасць хворых зніжаецца, небяспека застаецца


Барань – невялічкі горад з насельніцтвам крыху больш за 11 тысячаў чалавек – стаў адным з эпіцэнтраў каронавіруса ў Аршанскім раёне на Віцебшчыне.

Жыхары Барані:

«Я чула, і ў прафілакторыі ляжаць ужо. І ў Воршы ўсё завалена. Усё завалена. Людзі ляжаць і адначасова бяспечныя такія – ходзяць без масак».

«Наколькі я ведаю, наш шпіталь перапоўнены цалкам. Людзі ляжаць нават у калідорах».

Колькі канкрэтна хворых налічваецца на Аршаншчыне ў цэлым і ў Барані ў прыватнасці, дакладна невядома. Паводле мясцовай санітарнай службы, сёння ў раёне пандэміяй ахопленыя 33 паселішчы.

Жыхаркі Барані:

«Раней і не такія захворванні былі, і перанеслі. А цяпер: мама родная – не так кашлянуў, і ўжо ўсё».

«Я вось 10 дзён хадзіла ў паліклініку, без маскі. Да лекараў заходжу – лекары без масак. Пад барадой маска, яны сядзяць, размаўляюць, як паложана».

Затое Міністэрства аховы здароўя штодня публікуе статыстыку па краіне. Згодна з апошнімі звесткамі, за содні ў Беларусі налічылі крыху больш за 700 новых выпадкаў COVID-19, 5 асобаў памерлі, яшчэ больш за 1000 – выздаравелі.

Аднак падставаў для аптымізму ў Сусветнай арганізацыі здароўя не бачаць. Беларусь па-ранейшаму застаецца на стадыі лакальнай перадачы інфекцыі, заявіў сёння прадстаўнік міжнароднай арганізацыі ў нашай краіне Батыр Бердыклычаў падчас дабрачыннай акцыі здачы крыві, прымеркаванай да Міжнароднага дня донара. Батыр Бердыклычаў, прадстаўнік САЗ у Беларусі:

«З наступленнем лета накапілася нейкая стомленасць у людзей. Людзі прызвычаіліся і перастаюць асэнсоўваць небяспеку, якая ўсё яшчэ існуе. Гэта, вядома тэндэнцыя, якая вельмі хвалюе, бо вірус нікуды не падзеўся яшчэ, нягледзячы на некаторую стабілізацыю і зніжэнне колькасці новых выпадкаў, якія рэгіструюцца».

Тым часам колькасць хворых на каронавірусную інфекцыю, паводле звестак універсітэту Гопкінза, па ўсім свеце ўжо перакрочыла адзнаку сем з паловай мільёнаў, больш за 420 тысяч асобаў памерлі. У пяцёрцы лідараў у распаўсюдзе інфекцыі адбыліся змены – Індыя абагнала Вялікую Брытанію – у абедзвюх краінах цяпер зафіксавалі па 300 тысяч хворых. А ў першых шэрагах па-ранейшаму Расея, Бразілія і ЗША – тут захварэлі 500, 800 тысячаў і крыху больш за 2 мільёны грамадзянаў адпаведна.

Віталь Бабін, «Белсат»