Кляшчы захапілі беларускія гарады

У сувязі з кліматычнымі зменамі колькасць іксодавых кляшчоў за апошнія гады павялічылася ў Беларусі на траціну. Штогод у нашай краіне ад укусаў кляшчоў церпяць дзясяткі тысячаў чалавек. Небяспечныя павукаабразныя перабраліся з лясоў у гарадскія сады і паркі. А сёлета з прычыны цёплай вясны і ранняга лета сезон кляшчоў распачаўся ледзь не з сакавіка.

Цёплае надвор’е спрыяе актыўнасці кляшчоў. Жыхарка вёскі Крыжоўка мастачка Ксенія Ангелава сёлета станавілася іх ахвяраю тройчы. За год з дзясяткі кляшчоў яна звычайна знаходзіць на скуры свайго сабакі:

«Атрымліваецца так, што трэба з яго паздымаць усю гэтую пачвару. Таму што ён іх знаходзіць літаральна на нашым участку. Не трэба і кудысьці ў пушчу залазіць… А вось яшчэ адзін. Гэта ранішні».

Сёлета ў Менску ахвярамі кляшчоў сталіся больш за 400 чалавек. І гэта толькі тыя, хто звярнуўся ў паліклінікі па дапамогу:

«Перыядычна здымаю з сабакі, хаця і апрацоўваю яе. Бывала, сурʼёзна хварэў з-за кляшчоў. Так што гэта праблема».

«У больніцу звярталіся. Там нам дапамагалі выкручваць яго. Нібыта аналізы былі добрыя, мы ніякіх таблетак не пілі».

«Трэба быць вельмі асцярожным. Таму што яны ўсялякія бываюць кляшчы. Могуць быць носьбітамі розных заворванняў».

Як, напрыклад, барэліёз альбо энцэфаліт. Медыкі раяць: калі да скуры прысмактаўся клешч, трэба як хутчэй ад яго пазбавіцца.

З дапамогаю гэткай прасцейшай прылады з лёскі ды пластыкавай трубкі можна пазбавіцца ад кляшча хутка і, галоўнае, правільна. Лёску трэба накінуць над месцам укусу, не кранаючы цельца, зацягнуць пяцельку і кругавымі рухамі выкруціць кляшча.

А пасля здаць яго на аналізы. Калі ж захаваць цельца кляшча не ўдалося, цягам двух-трох тыдняў пасля ўкусу, трэба паназіраць за ўласным арганізмам, ці няма праяваў хваробы: пачырванення месца ўкусу, галавакружэння, тэмпературы, болю мышцаў.

Аляксандр Сыкала, кандыдат медычных навук:

«Ні ў якім выпадку нельга наабум прызначаць антыбіётыкі. Таму што пры тым жа барэліёзе альбо іншых інфекцыях дзейнічаюць розныя антыбіётыкі. І трэба ведаць якія. Пакуль не пастаўлены імуналагічны дыягназ пра наяўнасць анціцелаў да канкрэтнага віда ўзбуджальніка – бессэнсоўна, небяспечна і шкодна прызначаць».

Як кажа Аляксандр Сыкала, пры своечасовым звароце да медыкаў ёсць гарантыя: цяжкіх ускладненняў не будзе. Аднак працэс развіцця хваробы нельга пускаць на самацёк, бо наступствы могуць быць трагічнымі:

«Інваліднасць ажно да летальнага зыходу. Гэта цяжкія паралічы, гэта неўралагічныя захворванні арганічнага паходжання. Гэта сапраўды чалавек стане інвалідам. Што і было. Таму традыцыйна так баяцца інфекцыі».

Штогод у Беларусі на энцэфаліт захворваюць больш за сто чалавек, на лайм-барэліёз – больш за тысячу. Для прафілактыкі ўкусаў кляшча пры наведванні лясоў і паркаў рэкамендуецца насіць закрытае адзенне і галаўныя ўборы, карыстацца спрэямі, якія адпужваюць кляшчоў, а пасля прагулак на прыродзе ўважліва аглядаць адзенне і цела.

Арцём Лява, belsat.eu

Глядзі таксама