Кірмаш вакансіяў па-беларуску: «320 рублёў, на якія трэба добра папахаць»

Жывяце ў Менску і не маеце працы? Дзяржава запрашае на кірмаш! Але не па харчы, па вакансіі… Напрацягу трох дзён арганізацыі сталіцы прадэманструюць, каго гатовыя наймаць і колькі плаціць за працу. Сёння на Любімава, 14 нашую здымачную групу не дапусцілі, але мы даведаліся, якія прапановы раздавалі на кірмашы.

Што хавае ад камеры Белсату «гаспадыня» кірмашу вакансіяў, тое распавялі нам ягоныя наведнікі:

«Я ўжо другі месяц хаджу».

«Маленькія заробкі прапаноўваюць і знайсці складана».

«Br 320-340 рублёў, на якія трэба добра папахаць».

Прапановы як летась… Слесар, прыбіральшчык, лабарант… Запатрабаваная на сталічным рынку праца шукае перадусім рук…

Дзяржаўныя медыі сёння падбадзёрваюць – ад пачатку года даступныя 77 тысяч вакансіяў! На кірмашы можна звярнуцца з заяваю і падрыхтаваць бізнес-план. Не ўмееце бізнес-плану напісаць, то ёсць магчымасць навучыцца ці перакваліфікавацца і пашукаць працу паводле іншай спецыяльнасці. Наведнік кірмашу вакансіяў кажа:

«Народу нікога няма, па-першае, то бок з занятасцю ў нас так бы мовіць усё ў парадку».

Яшчэ летась выставы вакансіяў наведвалі тысячы… Шукалі разнастайнасці і заробкаў, як у статыстыцы. Сярэдні па краіне BR 1115 рублёў, у Менску – ажно BR 1576 рублёў, і найменш BR 899 – у вобласцях.

«Усе вакол ведаюць, што ў нас заробкі… не надта высокія, таму будзем спрабаваць знаходзіць тое, што нам па душы», – кажа жыхарка Менску.

Намаганні, безумоўна, мае прыкладаць кожны, але ў створаных дзяржаваю моцных эканамічных умовах. Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў, каментуе:

«Відаць праз тое, як расце запазычанасць прадпрыемстваў, і асабліва праз унутраныя даўгі і крэдыты, нават у бюджэце сацыяльнага страхавання шмат запазычанасцяў. Гэта кажа пра тое, што сітуацыя надзвычайная ў эканоміцы».

Адсюль – слабы рынак працы. Відаў беспрацоўя шмат, вылучаем жа – зарэгістраванае і ўкрытае. У канцы года зарэгістраванае склала каля 5 адсоткаў. Белстат падлічыў, што ў снежні ў эканоміцы было чатыры з трацінаю мільёны занятых.

Падлікам незанятых дзяржава рупліва занялася чатыры гады таму. Дэкрэт нумар тры, званы «дармаедскім», эвалюцыянаваў у стварэнне базы беспрацоўных. У шэрагі «дармаедаў» дзяржава закваліфікавала каля паўмільёна чалавек! У тым ліку праз «кірмашы вакансіяў» чыноўнікам даручана да канца траўня заняць насельніцтва!

«Пакуль губляем працоўныя месцы. У апошні час тэндэнцыя такая: вызваленне ліку працоўных. Недзе 1500 тыс. чалавек паказаў аналіз апошніх месяцаў года», – гаворыць Аляксандр Бухвостаў.

Паводле Global Economy Watch Беларусь у дзясятцы краінаў, якія сёлета будуць найхутчэй губляць працоўную сілу. На працу за мяжу могуць выехаць да 1% працаздольнага насельніцтва. Гэта 43 тыс чалавек.

Да нас таксама едуць…

«Я магу вельмі лёгка знайсці работу ў Беларусі, асабліва ў Менску», – гаворыць працоўны мігрант (Менск).

То і мы мусім знайсці! Заўтра а 10-12 гадзінах кірмаш адчыніцца на вуліцы Коласа 69, а ў той жа час у чацвер – на Шчарбакова 32.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама