Кіраўнік польскай дэлегацыі ў Беларусі заявіў, што «Белсат» будзе жыць


Віцэ-спікер польскага Сейму не ўпершыню ў Беларусі. Год таму польская дэлегацыя на чале з Рышардам Тэрлецкім ужо наведвала нашую краіну. Пасля працяглага застою ў адносінах бакі дэкларавалі гатовасць да плённых – палітычных і эканамічных – адносінаў.

Эксперты ж, падводзячы вынікі апошняга года «адлігі», канстатуюць, што адбыўся крок наперад, але пры гэтым 2 назад.

«Акрамя візітаў і рытарычных пытанняў я ўвогуле ніякіх поспехаў не бачу. І мэтаў таксама не разумею», – зазначыў польскі журналіст Міхал Патоцкі.

Адзінаю канкрэтнаю рэччу была дамова аб супрацы ў галіне адукацыі

Але насуперак абяцанням польскаму боку ўлады Беларусі падрыхтавалі законапраект, які можа ўскладніць польскамоўным дзеткам навучанне па-польску. Але найбольш увагі на ўсіх двухбаковых сустрэчах бакі надавалі эканамічнай супрацы.

«Інвестыцыі замежныя для Аляксандра Лукашэнкі з’яўляюцца пагрозай страты кантролю над пэўнай часткай эканомікі. І яму гэта не выгадна па ідэалагічных поглядах», – мяркуе Патоцкі.

Рынкам кіруе не ідэалогія

А таму сёння і польскія, і беларускія палітыкі адзначылі, што больш як за год шчыльнейшых дачыненняў эканамічнага прарыву не адбылося.

«Найважнейшае – гэта, канешне, эканоміка і эканамічныя праблемы», – пацвердзіў словы польскага журналіста і Рышард Тэрлецкі, віцэ-спікер сейму Польшчы.

Бакі задэкларавалі жаданне павялічыць таваразварот да $ 3 млрд. Па выніках мінулага года ён склаў усяго $ 2 млрд. Прычым з адмоўным сальда для нашай краіны.

Пытанне «Белсату»

Для заходніх краінаў не менш важная за эканоміку – дэмакратыя, а таму польскія палітыкі сустрэліся і з апанентамі ўладаў Беларусі, каб з першых вуснаў даведацца пра рэальны стан свабодаў і правоў чалавека ў нашай краіне. У сваю чаргу беларускія апазіцыянеры запыталіся пра будучыню «Белсату» – адзінага незалежнага тэлеканалу ў Беларусі, які фінансуе польскі бок.

«Інфармацыя пра тое, што Белсат мае быць ліквідаваны – непраўдзівая, з’явіўся план, каб яго зрабіць больш незалежным ад ураду, каб ён быў фінансаваны грамадскім тэлебачаннем, а не міністэрствам замежных справаў», – паведаміў Рышард Тэрлецкі.

Прадстаўнікі польскай дэлегацыі сцвердзілі, што прыярытэтам для іх з’яўляецца пытанне незалежнасці Беларусі, а таму дзеля гэтага шукаюць розныя шляхі ўзаемадзеяння з цяперашнімі ўладамі нашай краіны.

Вольга Старасціна, «Белсат»