Кіраўнік МУС Украіны: Паўла Шарамета маглі забіць расейцы


Прафесійная дзейнасць як на тэрыторыі Украіны, гэтак і за яе межамі. Украінскае следства агучыла прыярытэтную версію забойства вядомага беларускага журналіста Паўла Шарамета. Апрача гэтага, усё больш відавочным становіцца расейскі след.

Меркаваныя забойцы – жыхары Расеі

Украінскае следства агучыла прыярытэтную версію ў справе журналіста Паўла Шарамета.

«Заслугоўваюць увагі ў першую чаргу расследаванні, якія не былі завершаныя. Усім вядомыя публікацыі журналіста, якія мелі крытычны характар у адносінах да існуючай улады як у Рэспублікі Беларусь, гэтак і ў Расейскай Федэрацыі», – зазначыў Аляксандр Вакуленка, намеснік старшыні Нацыянальнай паліцыі Украіны.

Следства паказала і відэа з падазраванымі – мужчынам і жанчынай

Яны пастаянна змянялі аблічча, у розныя дні прагульваліся каля месцаў, дзе штодзённа бываў Шарамет. Што праўда, міністр унутраных справаў Арсэн Авакаў адмовіўся паказаць фотаробаты меркаваных забойцаў, адзначыўшы толькі, што сляды могуць весці ў Расею.

«17/07 у Кіеў прыехаў паплечнік Нямцова Уладзімір Кара-Мурза малодшы, які сустракаўся з журналістамі. Па сведчанні, Кара-Мурза звярнуўся да Шарамета па дапамогу, каб стварыць фільм памяці Барыса Нямцова, і журналіст перадаў інфармацыю для фільму ды меў намер узяць удзел у яго стварэнні», – заявіў Арсэн Авакаў.

Павел Шарамет загінуў праз некалькі дзён

Раніцай 20 ліпеня – паводле версіі следства, у выніку выбуху супрацьпяхотнай міны з самаробным электрычным дэтанатарам. У дзеянне міну прывяла тая самая жанчына, якая заклала выбухоўку пад машыну напярэдадні.

Апошнім, хто сустракаўся з Паўлам Шараметам быў беларус Сяргей Кароткіх

Кароткіх больш вядомы на мянушку Малюта. Былы чалец неанацысцкай групоўкі РНЕ, сябра расейскага неанацыста Цесака, разам з якім яшчэ 4 гады таму ў Менску біўся з антыфашыстамі.

У 2014 годзе Малюта нечакана трапіў на Данбас, дзе змагаўся на баку Украіны. Увечары 19 ліпеня Шарамет і Малюта сустрэліся каля пад’езду журналіста – усяго за некалькі гадзінаў да таго, як забойцы падклалі пад машыну Шарамета выбухоўку.

«Мы пастаянна званілі і кансультаваліся з Паўлам, калі неабходна была дапамога ў асвятленні мерапрыемстваў, звязаных з Азовам. Гэта было напярэдадні сумеснага мерапрыемства «Азова» і шахцёраў – ім не давалі заробак, і Паша меўся дапамагчы ў асвятленні гэтай падзеі», – тлумачыў Малюта.

Ці праверылі Малюту?

Сёлета ў студзені стала вядома, што баец батальёну «Азоў» Сяргей Кароткіх задэклараваў $ 1 млн. Некаторыя пачалі звязваць зароблены Малютай мільён долараў з забойствам журналіста.

Цяпер праваахоўнікі разглядаюць пяць версіяў забойства Шарамета

Адна з версіяў – дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне. І, хоць следства паступова звужае колькасць прыярытэтных версіяў у справе, уласна самыя забойцы да сённяшняга дня застаюцца на свабодзе.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum