КДБ і «вагнэраўцы»: сапраўдны пошук наймітаў ці толькі яго імітацыя?


КДБ пацвердзіў «Белсату», што правярае грамадзянаў Беларусі, якіх Служба бяспекі Украіны абвінавачвае ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на баку прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Найміты-вагнэраўцы, у тым ліку беларусы, падпарадкоўваюцца Маскве і ваююць па ўсім свеце.

Вярбоўка, навучанне, выкарыстанне наймітаў у канфліктах і баявых дзеяннях – ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Удзел у баявых дзеяннях у чужых краях і за грошы – ад 3 да 7 гадоў, магчыма, з канфіскацыяй. Вось што пагражае наймітам «групы Вагнэра» з беларускім пашпартам – паводле Крымінальнага кодэксу. Але ці будзе такі крымінальны пераслед на справе, у КДБ пакуль не кажуць.

«КДБ праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненні да беларускіх грамадзянаў, якія ваююць на тэрыторыі іншых дзяржаваў паводле інфармацыі, распаўсюджанай СБУ», – пацвердзіў «Белсату» афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Андрэй Яраш.

Практычна ўпершыню КДБ заяўляе аб праверцы «вагнэраўцаў» на падставе інфармацыі Службы бяспекі Украіны. Хаця ўпершыню СБУ распавяла пра беларусаў-вагнэраўцаў яшчэ ў ліпені. А пасля запыту «Белсату» у кастрычніку стала вядома яшчэ 5 імёнаў, нагадвае Ігар Ільяш, які некалькі гадоў расследуе дзейнасць і склад Групы Вагнэра:

«За гэты час »Белсат« высветліў, што як мінімум 9 з 10 жывых беларусаў-вагнераўцаў прыязджалі ў Беларусь, некаторыя з іх рабілі дакументы, а некаторыя прыязджалі нават пасля таго, як СБУ агучыла іх імёны».

Паводле міжнародных расследавальнікаў, «вагнэраўцы» у рэжыме сакрэтнасці падпарадкоўваюцца штабу ГРУ, то бок Мінабароны Расеі. Яны ўдзельнічалі ў захопе Крыму 5 гадоў таму, працягваюць ваяваць на расейскім баку ў Данецкай і Луганскай вобласцях і ў Сірыі. Гэтую вайсковую групу заўважылі ў Судане і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе забілі трох расейскіх журналістаў, якія расследавалі дзеянні «вагнэраўцаў». Таксама ў паслужным спісе – Емен, Лівія і Венесуэла.

«Калі яны не парушаюць расейскага закону, яны маюць права працаваць, праціскаць свае бізнес-інтарэсы ў любой кропцы планеты», – так каментаваў дзейнасць расейскіх наймітаў Уладзімір Пуцін на снежаньскай прэс-канферэнцыі.

Медыі паведамляюць пра розныя бізнес-інтарэсы «Вагнэра»: ахова кіраўнікоў дзяржаваў і камерцыйных аб’ектаў, навучанне салдатаў і баевікоў, непасрэдна баявыя дзеянні, выкраданне і катаванне нелаяльнага насельніцтва.

«Гаворка пра асобаў, якія ваявалі на баку агрэсара, і гэты агрэсар можа выкарыстаць іх зноў, у Беларусі», – папярэджвае аўтар расследаванняў пра Групу Вагнэра Ігар Ільяш.

Партрэт сярэдняга «вагнэраўца» такі: мужчына з войску ці міліцыі, эканамічна неўладкаваны, які не можа знайсці сабе месца ў мірным жыцці.

А што рабіць беларусу, які сутыкнуўся з вярбоўкай у расейскую ПВК Вагнэра? У КДБ непасрэднага адказу не далі.

«Любы грамадзянін Беларусі, замежны грамадзянін, калі палічыць патрэбным, можа ці нават павінен звярнуцца ў КДБ Беларусі», – патлумачыў Андрэй Яраш, афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі.

Аднак, як мяркуе Ігар Ільяш, сапраўдны крымінальны пераслед расейскім наймітам у Беларусі не пагражае. Журналіст асабіста ідэнтыфікаваў каля 20 беларусаў, якія ваявалі на баку ДНР і ЛНР у розных незаконных узброеных фармаваннях, а потым бесперашкодна вярнуліся дадому. Арыштаваныя і асуджаныя толькі 4 з паказальна мяккімі прысудамі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu