Касцёл асвяціць велікодныя стравы праз інтэрнэт


Святар Віктар Захарэўскі асвячае велікодныя стравы ў вёсцы Вялікія Шастакі на Гарадзеншчыне. 11 красавіка 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Пандэмія каронавірусу ўнесла змены ў звыклы парадак святкавання Вялікадня.

У Наталлі Дземянцей уся сям’я на добраахвотным каранціне: удома самаізаляваліся дачка з унучкай. Сама Наталля прыйшла да крыжа на падмурках даўняй Капліцы ў Лошыцкім парку Менску, каб ушанаваць Вялікую суботу:

«Я сюды вельмі часта прыходжу – гэта старажытная капліца, намоленае месца. Зараз, падчас пандэміі, я тым больш сюды прыходжу, калі ёсць у маёй душы патрэба – патрэба памаліцца, паразмаўляць з Богам».

Наталля кажа, што з меркаванняў перасцярогі ня пойдзе ў касцёл і Вялікдзень сустрэне ўдома, далучыўшыся да малітвы праз інтэрнэт-трансляцыю, тлумачыць Наталля.

У Вялікую суботу вышэйшыя духоўныя асобы традыцыйна наведваюць касцёлы, каб памаліцца разам з парафіянамі і асвяціць Велікодныя стравы. Сёлета гэта адбываецца выключна на свежым паветры пад сценамі святыняў.

Праграма сустрэч скарочаная, а наведнікаў значна менш, чым звычайна. Аднак асвячаць стравы вернікі ідуць кожную гадзіну. Вось што казалі «Белсату» парафіяне касцёлу Святых Сымона і Алены:

«Усё ж такі вырашыў сёння прыехаць, паколькі даведаўся, што асвячэнне будзе менавіта на вуліцы, будзе мала людзей, бо цягам усяго дня. Вось і прыехаў, каб сапраўды былі пасвечаныя стравы на велікодным стале».

«Я вось перасцярогся крыху – на ражон ня лезу і іншым рэкамендую. Але я вельмі рады, што калі прыходзіш у касцёл і бачыш моладзь, людзей з дзеткамі – гэта неймаверна радуе душу».

«Сёлета падчас посту нашыя думкі пра Бога, а сёлета шмат перабівала вось гэтая праблема каронавірусу. Але ўжо як ёсць – стараліся падрыхтавацца да свята як маглі, а далей ужо нас Пан Бог будзе судзіць».

«Нельга ўпадаць у тую паніку, якая ёсць цяпер. Многія людзі – яны баяцца. Я паважаю іх страх, што яны хвалююцца пра сваіх знаёмых і свае сем’і. Але я веру, што ёсць Боскае наканаванне і Бог заўсёды заступаецца за тых, хто верыць, і хто просіць».

І ўсё ж менш, чым звычайна вернікі прыходзяць таксама і да споведзі, а захадаў перасцярогі трымаюцца і парафіяне і духоўныя асобы. Святары заклікаюць сустракаць свята і ў касцёлах, і ўдома.

«Асаблівым чынам хачу звярнуцца да ўсіх, хто будуць глядзець і маліцца разам з намі, каб перажывалі свята ў духу веры. Асабліва цяпер, у Вялікую суботу, за дзень да Вялікадня, увечары будзе аднаўленне таямніцы хросту. Запаліце, калі ласка, свечку ў сябе ўдома і разам аднавіце гэты хрост. Бо гэта першы крок і першая надзея на збаўленне, якую дае касцёл», – заклікае Яўген Вінтоў, ксёндз касцёлу Святых Сымона і Алены.

У Касцёле таксама паведамляюць, што праз інтэрнэт-трансляцыю ўрачыстай святой імшы можна таксама супольна памаліцца, атрымаць святарскае бласлаўленне і асвяціць святочныя стравы на велікодны стол.

Рэпартаж Галіны Абакунчык глядзіце ў поўным выданні навінаў за 11 красавіка