Каронавірус у свеце: цяжкія тыдні наперадзе


Пытаннем жыцця і смерці назваў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп апошнюю статыстыку пра каронавірус у краіне. А яна несуцяшальная: толькі за содні тут памерлі амаль тысяча асобаў, а агульная колькасць заражаных наблізілася да двухсот тысячаў.

«Пытанне ў тым, што здарылася б, калі б мы нічога не зрабілі? Бо былі людзі, якія казалі: «Давай пачакаем». Што б здарылася? У выніку загінулі б паўтара мільёна чалавек ці нават два мільёны 200 тысяч амерыканцаў», – кажа Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША.

Найбліжэйшыя тыдні будуць правяраннем на трываласць, адзначаюць эксперты. Прычына не толькі ў перапоўненых шпіталях, але і ў нястачы медычнага абсталявання, а таксама сродкаў абароны. Дапамогу ў барацьбе з інфекцыяй запрапанавала Расея, накіраваўшы самалёт з неабходнымі медыкаментамі і абсталюнкам.

Крызісная сітуацыя захоўваецца і ў Еўропе. У Францыі, да прыкладу, ад каронавіруснай інфекцыі толькі за апошнія содні памерлі амаль паўтысячы чалавек. І хоць Сусветная арганізацыя здароўя фіксуе паступовую стабілізацыю выбуху ў Еўропе, улады большасці еўрапейскіх дзяржаваў па-ранейшаму не адмяняюць абмежавальных захадаў.

Напрыклад, з сённяшняга дня ў Польшчы дзеюць яшчэ больш жорсткія захады датрымання каранціну – закрываюцца паркі, бульвары, гатэлі, цырульні, паміж пешаходамі – абавязковае выкананне дыстанцыі два метры, а карыстацца грамадскімі самакатамі ды роварамі забаронена.

Паступова каранцінныя абмежаванні ўводзяцца і ў Афрыцы, якую каронавірус, калі верыць афіцыйным звесткам, пакуль маштабна не закрануў. Найбольш цярпяць Марока, Алжыр, Егіпет і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. У апошняй, паводле звестак Універсітэту Джонза Гопкінза, зафіксавалі больш за тысячу трохсот выпадкаў заражэння, пяць чалавек памерлі.

«Я баюся, бо яшчэ не ведаю сваіх вынікаў. Гэтая хвароба сурʼёзная, людзі паміраюць, таму мы ставімся да гэтага сурʼёзна», – распавяла Жыхарка ПАР.

У ААН, дзе цяперашнюю пандэмію назвалі самым вялікім выпрабаваннем пасля Другое сусветнае вайны, думаюць, што жыхары афрыканскага кантыненту самыя непадрыхтаваныя да інфекцыі. І праз адсутнасць належнага медычнага абсталявання, і праз нястачу тэстаў. Да прыкладу, нігерыйскі Цэнтр кантролю за распаўсюдам хваробаў да пачатку мінулага тыдня праверыў на каронавірус усяго 152 асобы – і гэта ў краіне з насельніцтвам больш за 200 мільёнаў жыхароў.

Віталь Бабін, «Белсат»

Фота: TT NEWS AGENCY / Reuters / Forum