Каронавірус у свеце: частка Еўропы перажыла пік пандэміі


Святло ў канцы тунэлю ўжо заўважнае. Частка краінаў Заходняй Еўропы перажыла пік пандэміі: пра гэта сведчаць лічбы ды кажа шэраг экспертаў. Італія, Іспанія ды Нямеччына, на долю якіх прыпадае кожны чацвёрты выпадак захворвання ў свеце, паказваюць пазітыўную дынаміку колькасці смерцяў ды новых заражэнняў.

«Колькасць пацыентаў у звычайных аддзяленнях у шпіталях і колькасць пацыентаў у інтэнсіўнай тэрапіі зменшылася. Колькасць смерцяў за ўчора – 525 асобаў. Гэта самы нізкі паказнік з 19 сакавіка», – кажа Анджэлё Барэллі, кіраўнік Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Італіі.

А вось у Вялікай Брытаніі, якая ў параўнанні з поўднем Еўропы, заставалася на перыферыі пандэміі, лічба новых інфікаваных за ўчора ўпершыню перакрочыла пяць тысячаў. Шпіталізацыя спатрэбілася брытанскаму прэмʼер-міністру Борысу Джонсану, заражанаму каронавірусам. Пяты раз за 68 гадоў свайго кіравання з адмысловым зваротам да нацыі выступіла каралева Вялікай Брытаніі Элізабэт Другая.

«Я хачу падзякаваць тым, хто застаецца дома, дапамагаючы тым самым абараніць слабейшых і абараніць семʼі ад болю страты, які некаторыя ўжо адчулі. Разам мы пераможам гэтую хваробу. Я спадзяюся, што пазней кожны зможа ганарыцца тым, як ён справіўся з гэтым выклікам. І тыя, хто прыйдзе пасля нас, скажуць, што брытанцы гэтага пакалення былі такія ж моцныя, як і іншыя», – выказала ўдзяку каралева Вялікай Брытаніі.

У Злучаных Штатах, на якія цяпер прыпадае траціна ўсіх актыўных выпадкаў хваробы ў свеце, толькі рыхтуюцца да горшага.

«Наступны тыдзень станецца нашым Пэрл-ГАрбарам, гэта будзе нашае 11 верасня. Гэта станецца самым цяжкім момантам у жыцці шмат якіх амерыканцаў. І трэба разумець, што калі мы хочам зрабіць крывую захворванняў больш гладкай, то кожны павінен зрабіць свой унёсак», – упэўніў жыхароў ЗША кіраўнік грамадскай службы аховы здароўя Джэроўм Эдамз.

Моцная заява прагучала ў адказ на адмову дзевяці губернатараў ЗША забавязаць людзей у сваіх штатах заставацца ўдома: Арканзас, Аява, Нэбраска, Паўночная ды Паўднёвая Дакота ды шэраг іншых. Штаты, якія прынялі на сябе першы ўдар пандэміі, наадварот, яшчэ больш узмацняюць захады бяспекі.

«Я абвяшчаю яшчэ больш жорсткія правілы, каб мы маглі справіцца з інфекцыяй. Яны пачынаюць працаваць 6-га красавіка і абавязковыя цягам усяго месяца. Па-за домам усе мусяць насіць маскі. Захоўвайце дыстанцыю два метры ад іншых людзей. На тры наступныя тыдні ўводзіцца каменданцкі час з 9-й вечара да 6-й раніцы. Усе паркі ды зоны адпачынку будуць закрытыя для наведнікаў», – папярэдзіў жыхароў Марці Уолш, мэр Бостану.

У Расеі за апошнія содні лічба інфікаваных вырасла адразу на тысячу. Больш за палову выпадкаў – у Маскве. Мяркуючы са статыстыкі, распаўсюд каронавіруса ў Расеі толькі пачынаецца. Цягам апошняга тыдня лічба хворых на COVID-19 павялічылася ўтрая, з дзвюх да шасці тысячаў, 47 асобаў памерлі.

Сярод іншых краінаў постсавецкае прасторы лік тысячу хворых перайшлі толькі Украіна ды Эстонія. Але ва ўсіх астатніх колькасць інфікаваных працягвае расці. У Беларусі, дзе ўлады не ўводзілі каранцінных захадаў, колькасць заражаных цягам тыдня вырасла ў 6 разоў, са ста да шасцісот асобаў. Паводле афіцыйных звестак у нашай краіне каронавірус забраў жыцці ўжо прынамсі 13 асобаў.

Ігар Кулей, «Белсат»

Фота: Mikhail Tereshchenko / TASS / Forum