Каронавірус у свеце: амаль 25 тыс. памерлых


Больш за 86 тысяч чалавек заразіліся каронавірусам у ЗША – такія звесткі прыводзіць Універсітэт Джонза Гопкінза. Злучаныя Штаты выйшлі на першае месца ў свеце паводле колькасці інфікаваных, агулам праверыўшы на вірус паўмільёна чалавек.

«Прычына такога росту заражаных – у тэставанні. Кожны дзень мы правяраем на вірус вялізную колькасць людзей. Я ўпэўнены, што вы не можаце дакладна сказаць, ці праводзіць Кітай у такой жа колькасці гэтыя тэсты. Я думаю, што гэта крыху складана», – упэўнены прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Зрэшты, Кітаю, адкуль уласна і паходзіць каронавірусная інфекцыя, было няцяжка закрыць уезд у краіну ўсім замежнікам – нават тым, хто мае від на жыхарства. Абмежаванні пачнуць дзеяць з заўтра. Свет усё больш ізалюецца, і нават учорашні саміт «Вялікай дваццаткі» упершыню прайшоў у рэжыме онлайн.

«Цяпер крытычны момант, але і час для нас, каб кінуць выклік і дзеяць хутка. Я перакананы, што дзякуючы салідарнасці і ўзаемнай дапамозе мы пераможам гэты вірус», – мяркуе Сі Цзінь Пін, старшыня КНР.

У якасці такой узаемадапамогі лідар КНР прапанаваў зняць падатковыя мыты і барʼеры для свабоднага перамяшчэння тавараў, каб аднавіць сусветную эканоміку. У якасці фінансавай дапамогі – 5 трыльёнаў долараў, якія краіны «Вялікай дваццаткі» укладуць у барацьбу з наступствамі каронавіруса.

Тым часам колькасць памерлых ад каронавіруснай інфекцыі ў Еўропе працягвае расці – у Італіі, Іспаніі ды Францыі сітуацыя застаецца напружанай. У апошніх дзвюх за содні памерла рэкордная колькасць асобаў.

«Але ёсць і добрыя навіны: 4948 чалавек пакінулі шпіталь, выздаравелі. Мы бачым, што гэтая лічба хутка расце, і таму мы нагадваем усім, што, нават калі ёсць сурʼёзныя, смяротныя выпадкі, існуе вялікая колькасць людзей, якія папраўляюцца», – кажа Жэром Салёмон з Міністэрства аховы здароўя Францыі.

Рэкордная колькасць пацыентаў з пачатку ўспышкі каронавіруснай хваробы сёння памерла і ў Вялікай Брытаніі – больш за сто чалавек. Заразіўся нават прэмʼер-міністр краіны Борыс Джонсан. Але брытанцы не схіляюць галоваў – увечары мільёны жыхароў Туманнага Альбіёну выходзяць на гаўбцы і парогі сваіх дамоў, каб падзякаваць медыкам за іхную штодзённую барацьбу з пандэміяй.

Віталь Бабін, «Белсат»