Каронавірус у суседзяў: Літва рыхтуе каранцін


Тым часам заходнія суседзі Беларусі ўводзяць строгія каранцінныя захады: пераводзяць школы на хатняе навучанне аднаўляюць памежны кантроль. Дайшло і да забароны міжнародных чыгуначных перавозак ды авіярэйсаў. Прычына – вялікая колькасць хворых на каронавірусную інфекцыю і перадусім тых, хто прыехаў з небяспечных краінаў.

Услед за Польшчай Літва паступова ўводзіць абмежаванне на ўезд замежных грамадзян (з пэўнымі выключэннямі), абмяжоўвае працу бараў і рэстаранаў. Літоўцы рыхтуюцца да поўнага каранціну, каб спыніць COVID-19. Новыя прывазныя выпадкі каронавіруса зафіксавалі сёння у Вільні ды Клайпедзе. Каб запаволіць распаўсюд хваробы, Літва аднаўляе кантроль на межах з Польшчаю і Латвіяй. Межы з Беларуссю і Расеяй не закрываюць.

«Цяпер праходзяць кантроль, абмежаванні будуць уведзеныя, і сёння ад 18:00 сённяшняга дня мы забараняем уезд грамадзянаў, але будзе канкрэтызавана, якія выключэнні», – распавяла «Белсату» міністр унутраных справаў Літвы Рыта Тамашуніене.

Міжнароднае чыгуначнае і авіязлучэнне закрылі для пасажыраў. Хто вяртаецца з Заходняй Еўропы, Кітаю ды Ірану, мусіць адбыць хатні каранцін пад пагрозай пакарання. Падобныя захады ўвяла і Латвія. Там зачынілі школы, адмянілі публічныя імпрэзы і сходы больш за 200 асобаў, але новых абмежаванняў на ўезд няма.

У Польшчы ўвялі стан эпідэміялагічнай пагрозы: забаранілі міжнародныя пасажырскія рэйсы, аднавілі памежны кантроль па ўсім перыметры. Абмежаваны ўезд замежнікаў, апроч тых, хто мае від на жыхарства або стала працуе ў Польшчы.

«Абмяжоўваем працу гандлёвых цэнтраў, дзе будуць адчыненыя крамы з харчамі і сродкамі асабістай гігіены, аптэкі і пральні. Астатнія крамы зачыняем, каб не ствараць лішняга руху і натоўпаў», – абвесціў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Ад панядзелку ўезд замежнікаў забараніла і Украіна. Мяжу закрыюць для рэгулярных пасажырскіх злучэнняў. Адмянілі спартовыя і забаўляльныя імпрэзы. Каранцін у навучальных установах.

«Вялікая частка гэтых захадаў аналагічная дзеянням дзяржаваў, дзе статыстыка ў 10 і 100 разоў горшая, чым ва Украіне. Але мы не будзем чакаць афіцыйнай сотні або тысячы хворых», – звярнуўся да нацыі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

У Расеі афіцыйна зафіксавалі паўсотні інфікаваных Ковід-19. Разам з тым у студзені «Росстат» зафіксаваў павелічэнне выпадкаў запалення лёгкіх – больш чым на траціну. Але каранціну не ўводзяць. А ў Злучаных Штатах увялі надзвычайнае становішча, каб вылучыць федэральныя грошы на барацьбу з вірусам – $ 50 млрд.

«У наступныя тыдні мы ўсе мусім змяніцца і чымсьці ахвяраваць. Але гэтыя кароткатэрміновыя ахвяры будуць мець вынік на доўгі час», – абвесціў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

У ЗША створаць аўтаматызаваныя цэнтры, каб бясплатна тэставаць людзей на каронавірус за дзень-паўтара. У дапамогу студэнтам дзяржава часова замарожвае адукацыйныя крэдыты. Таксама Доналд Трамп загадаў да краёў напоўніць стратэгічныя нафтасховішчы, пакуль сыравіна танная. Амерыканскія біржы адрэагавалі на захады моцным ростам.

Яраслаў Сцешык «Белсат»