Каронавірус у доме міласэрнасці пад Кобрынам: хварэюць і працаўнікі, і пастаяльцы

У Доме міласэрнасці пад Кобрынам выбух каронавіруса. Уведзены два месяцы таму каранцін і рашучыя захады супраць распаўсюду эпідэміі не ўратавалі.

«Калі гаварыць пра колькасць – у нас 8 працаўнікоў хварэюць, у тым ліку і дырэктар наш Ігар Аляксандравіч хварэе. З пастаяльцаў – дзве траціны хворыя ў нас», – кажа працаўніца Дому міласэрнасці Таццяна.

Дырэктар установы звярнуўся да ўсіх неабыякавых людзей з просьбай дапамагчы. Валанцёры ініцыятывы «Корона Брест» адгукнуліся адразу. «Дзякуй за вашую працу, за ваш клопат, за вашу дапамогу. Вельмі патрэбна», – скрозь слёзы гаворыць Таццяна.

Тым часам у Берасці гатэлі прапаноўваюць нумары для самаізаляцыі. У гасцініцы «Буг» пяць адмысловых нумароў паўсталі на прапанову галоўнага санітарнага доктара гораду. Паслугай замежныя турысты пакуль не скарысталіся.

«Напэўна, з прычыны дарагоўлі. Хаця нумар аднамясцовы ў нас 30 рублёў на чалавека. Калі ізалявацца на два тыдні – магчыма, гэта не ўсім па кішэні», – мяркуе намесніца дырэктара гатэлю «Буг» Ірына Цішук.

За апошнія содні ў Беларусі зафіксаваны 941 новы выпадак каронавіруснай інфекцыі, чацвёра заражаных памерлі. Ад пачатку эпідэміі ў краіне інфекцыя пацверджаная больш чым у 35 тысячаў, ахвярамі хваробы сталі 194 чалавекі.

У трагічны спіс трапіў і галоўны патолагаанатам Гарадзенскай вобласці. Міхаіл Зубрыцкі памёр напярэдадні ў рэанімацыі. Ён быў заражаны каронавірусам. Інфармацыю «Белсату» пацвердзілі некалькі крыніцаў.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, узровень смяротнасці ад каронавіруса ў Беларусі – адзін з самых нізкіх у свеце – усяго паўпрацэнта. Ці вераць лічбам беларусы?

Жыхары Бабруйску кажуць:

«Я мяркую, што болей. Учора чалавек 35 гадоў ішоў, упаў – усе лёгкія згарэлі. У Бабруйску».
«На 50 працэнтаў – веру і не веру. Адзін дзень веру – адзін не веру».
«У нас ніколі праўду афіцыйна не кажуць – таму мы не верым».
«Хто як лічыць статыстыку – у гэтым разабрацца вельмі складана».

Спрэчныя звесткі аб колькасці загінулых з’явіліся напярэдадні. Падчас вэбінару беларускіх медыкаў была прадэманстраваная статыстыка смяротнасці ў рэанімацыях менскіх бальніцаў, дзе лечаць ковідных пацыентаў. На канец красавіка памерлі 117 чалавек.

Паводле ж статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, на 1 траўня па ўсёй краіне памерлі 93 чалавекі.Тлумачэнне дзіўных лічбаў медчыноўнікі маюць.

«Туды ўключаныя не толькі выпадкі пацверджанай інфекцыі COVID-19, але і тыя верагодныя выпадкі, калі ў працэсе ўдакладняючай дыягностыкі дыягназ на каронавірус быў зняты і былі выяўленыя пнеўманіі іншай этыялогіі», – кажа доктар медычных навук Аляксандр Дзядзько.

Нягледзячы на дадзенае тлумачэнне відэа вэбінару на YouTube было выдаленае.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама