Каронавірус у Беларусі: ці варта давяраць афіцыйным лічбам

У Беларусі інфікаваныя каронавірусам 30 з паловай тысяч чалавек. Пры гэтым колькасць новых выпадкаў інфекцыі ў дзень, пачынаючы з 6 траўня стабільна складае дзевяць соцень. Ахвярамі эпідэміі ў краіне ўжо стала 171 асоба. Аднак ці давяраюць гэткім лічбам беларусы і што кажуць адмыслоўцы?

Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 922 новыя выпадкі каронавіруса і пра смерць шасці заражаных. З пачатку эпідэміі ў краіне інфекцыя пацверджаная ў 30 з паловаю тысячаў чалавек, 171 з іх памёр. Ці вераць лічбам афіцыйнай статыстыкі беларусы? Жыхары Менску кажуць:

«Ёсць знаёмыя, якія ўжо памерлі менавіта ад каронавіруса. Гэта пацверджана. А па статыстыцы іх так мала, што неяк не вельмі верыцца».

«Я веру, хутчэй, не ведаю чаму».

«Я не бачу ніякага сэнсу яе скажаць».

«Не веру, таму што неаднаразова нас у нашай краіне падманвалі».

З 6 траўня колькасць інфікаваных каронавірусам у нашай краіне штодзень павялічваецца больш як на дзевяць соцень. Анамаліі ў гэтым стабільным прыросце няма – кажа медык.

«Канада, Швецыя таксама: там паступовае нарастанне выпадкаў, і ў іх рэгіструецца адносна стабільны ўзровень цягам некалькіх тыдняў. Тут ёсць пэўная заканамернасць у плане таго, як развівалася эпідэмія ў гэтых краінах: больш плаўны ўздым і таму не было рэзкага піку, пасля якога быў заўважны спад. Мы бачым больш плато», – распавядае кіеўскі інфекцыяніст Віталь Еўтушэнка.

Прычыны ж малой колькасці смерцяў паводле афіцыйнай статыстыкі могуць быць розныя.

«Як устанаўліваюць дыягназ і прычыну смерці? Магчыма, ставяць у дыягназ хваробу, якая беспасярэдне паслужыла смерцю: інсульт, інфаркт або дыхальная няздатнасць, а дыягназ «Ковід» ідзе як спадарожны альбо другасны. Можа быць такі варыянт. Можа, вялікая колькасць выяўляльнасці», – кажа Віталь Еўтушэнка.

Тым часам Эстонія часова забараніла палёты ў Беларусь. Нашая краіна ўвайшла ў вызначаны эстонскімі ўладамі спіс краінаў з высокаю рызыкаю заражэння каронавірусам. Ува ўсім свеце колькасць заражаных каронавірусам імкліва набліжаецца да 5 мільёнаў, ахвярамі пандэміі сталі больш за 300 тысячаў чалавек. Перамаглі хваробу амаль два мільёны. У Расеі заявілі, што рост заражэнняў каронавірусам у краіне ўдалося спыніць.

«Сітуацыя з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі ў нас у краіне застаецца няпростая, але ўсё ж можна канстатаваць, што рост захворвальнасці ўдалося спыніць. Па самых асцярожных падліках дынаміка пазітыўная, усё больш людзей выздараўлівае і выпісваецца з больніцаў дамоў», – сказаў прэмʼер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін.

Тым часам у Грэцыі пасля двухмесячнага перапынку аднавілі наведанне Акропалю і яшчэ дзвюх соцень антычных помнікаў на адкрытым паветры. Наведнікам рэкамендуюць выкарыстоўваць засцерагальныя маскі і антысептык.

«Нам, грэкам, значна лепш наведваць Акропаль, калі няма тлуму, бо мы можам не спяшацца і ўбачыць усё нібыта першы раз, не перашкаджаючы адно адному. Бо гэта праўда, што за людзьмі бывае цяжка разгледзець Акропаль», – гаворыць жыхар Афінаў Гёргас Трыяндафілю.

Вялікая Брытанія на пошук чаканай ува ўсім свеце вакцыны ад каронавіруса вылучыць 110 мільёнаў долараў. Пра гэта заявіў прэмʼер-міністр Борыс Джонсан. Для даследаванняў адчыняць адмысловы цэнтр у графстве Оксфардшыр.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Глядзі таксама