Каронавірус у Беларусі: ІТ-кампаніі на каранціне, консульствы спынілі выдачу візаў


Пакуль у краіне афіцыйна не абвяшчаюць каранціну, некаторыя фірмы распускаюць працаўнікоў па дамах. Работнікі адной з фірмаў, якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне, з панядзелка працуюць з дому.

«Перайшла на аддаленую працу большасць менскіх ІТ-кампаніяў. Камунікуем як звычайна, стэлефаноўваемся, толькі цяпер праз відэасувязь. ІТ-кампаніі правільна зрабілі, што перайшлі на аддаленую працу. Бо мы можам гэта зрабіць без значных стратаў. І заклікаю ўсіх аднесціся адказна да таго, што адбываецца ў свеце», – кажа Дзмітры Дудзін з GANTTPRO.

Адчулі ўплыў пандэміі каронавіруса і работнікі сталічных бараў.

«Вельмі знізілася, не толькі на Зыбіцкай, паўсюль спад гасцей. Вельмі моцна ўплывае на ўсю гастраномію», – кажа шэф-кухар аднаго з бараў Ілля Малышаў.

«Заўважна, што людзей зменшылася крыху. І ў сувязі з гэтым сумна, мы заўжды адчыненыя, заўжды чакаем новых гасцей», – кажа бармен бару «Леон» Павел Чарапкоў.

Тыя ж, хто наважыўся прайсціся па забаўляльнай вуліцы ўчора ўвечары, тлумачаць свой учынак проста.

Жыхары і госці Менску:

«Пайшлі прагуляцца, не баімся, нават не ведаю. Шмат іншых ёсць вірусаў, якіх варта баяцца».

«Смяротнасць маленькая ад гэтага каронавіруса, і моладзь ад яго амаль не пакутуе».

«У мяне ёсць трактар, і я выпіваю штодзень 40–50 мілілітраў чыстага спірту».

Два дні таму расейскія ўлады абвесцілі, што закрываюць мяжу. Сёння ўначы захада пачала дзеяць. У Расею не пусцілі каля 20 грамадзянаў Беларусі. Паводле працаўнікоў прымежных установаў, людзей істотна паменела. Пры гэтым добра акрэсленай мяжы пакуль што не відаць.

«Сёння былі і памежнікі, і працаўнікі лясной гаспадаркі. Я так разумею, вызначалі межы. Падобна, што будуць усталёўваць пастаянныя», – кажа страхавы агент Мікалай.

Цягнікі да Расеі ідуць паводле раскладу. Але набыць квіткі беларусам немагчыма, толькі расейцам.

Да 16 красавіка «Белавія» адмяніла частку рэйсаў у краіны Заходняй Еўропы і Каўказу. Адзін з пасажыраў – грамадзянін Украіны Міхаіл.

«Я вырашыў паехаць на цягніку, прайсці мяжу пешшу, а там сустрэнуць сябры на машыне», – расказвае ўкраінскі турыст Міхаіл.

Іншага варыянту ў хлопца не было. Наўпроставы цягнік Менск – Кіеў больш не ходзіць. Адмяняюць свае маршруты і аўтобусныя перавознікі. Менскі офіс аднаго з іх увогуле закрыты на каранцін, а тэлефонны нумар увесь час недасяжны.

Прыпынілі працу консульствы ды візавыя цэнтры. Польскае консульства не прымае заяваў да 27 сакавіка, візавы цэнтр Літвы прыпыніў працу на нявызначаны тэрмін. Пры гэтым замежнікам, якія не могуць з’ехаць дадому, Міністэрства замежных справаў абяцае дазволіць застацца на 90 дзён. А пры патрэбе і на даўжэйшы тэрмін.

Наста Кахановіч, «Белсат»