Каронавірус у Беларусі і свеце


У Беларусі ўжо 9 пацверджаных выпадкаў інфікавання каронавірусам. Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, 3 новыя пацыенты блізка кантактавалі з беларусамі, якія вярнуліся з Італіі. І Беларусь, і суседнія краіны ўводзяць новыя абмежаванні, каб спыніць «Ковід-19».

«Белавія» прыпыняе авіярэйсы ў Мілан – пакуль да 2 красавіка. Пасажыры могуць вярнуць грошы за квіткі або перанесці дату палёту без даплатаў. Можна адмовіцца і ад пакуль не адмененых палётаў з Менску ў Рым. Міністэрства замежных справаў раіць беларусам зусім адмяніць вандроўкі ў Італію без вострай неабходнасці. Зрэшты, і самі італьянцы цяпер не вандруюць. Урад прыняў надзвычайныя захады супраць распаўсюду каронавіруса пад назвай «Я застаюся дома».

«Больш не будзе чырвонай зоны нумар 1 ці 2. Уся Італія стане абароненай ахоўнаю зонай. Варта пазбягаць перамяшчэнняў па ўсёй Італіі», – заявіў прэмʼер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ.

«Ковід-19» лабараторна пацверджаны больш як у 9 тысяч італьянцаў, больш за 400 памерлі, але больш за 700 выздаравелі. Каб зменшыць рызыку распаўсюду хваробы, суседняя Аўстрыя ўвяла забарону на ўезд грамадзянаў Італіі і ўвяла дадатковыя захады бяспекі на мяжы ў рэгіёне Тыроль.

«Мы робім усё, каб гарантаваць бяспеку людзей, перадусім – знізіць пагрозу для людзей сталага ўзросту і з хранічнымі захворваннямі. Абсалютная бяспека немагчымая, іначай інфекцыя не распаўсюджвалася б на аўстрыйскай тэрыторыі», – кажа Кляўдыя Марк, працаўніца Дэпартаменту аховы здароўя Аўстрыі.

У Польшчы ўвялі санітарны кантроль на межах з усімі суседнімі краінамі, у тым ліку з Беларуссю.

«Уся польская мяжа будзе забяспечаная. Санітарны кантроль распаўсюджваецца таксама на пасажыраў паромаў і міжгародніх цягнікоў дальняга следавання», – паінфармаваў міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі.

Улады забаранілі масавыя імпрэзы і разглядаюць магчымасць адмены заняткаў у навучальных установах. Варшаўскі ўніверсітэт ужо прыпыніў працу да сярэдзіны красавіка. Ва Украіне масавыя імпрэзы адмененыя толькі ў Чарнаўцах, дзе выявілі адзінага інфікаванага. Не баяцца хваробы і духоўныя лідары Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. У нядзелю ў Вінніцы яны вывелі вернікаў на шматтысячны хросны ход, каб іконамі абараніцца ад эпідэміі.

Агулам у свеце пацверджаныя больш за 116 тысяч выпадкаў заражэння. Памерлі 4 тысячы асобаў, але выздаравелі ў 16 разоў больш. А ў кітайскую правінцыю Ўу-Хань, адкуль і пайшоў гуляць па свеце «Ковід-19», прыляцеў генеральны сакратар Камуністычнай партыі Сі Цзінь Пін, каб паказаць, што сітуацыя пад кантролем. Паводле афіцыйнай інфармацыі, эпідэмія ў Кітаі ідзе на спад дзякуючы перадусім каранціну і прагрэсу ў пошуках эфектыўнага лекавання хворых.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»