Каронавірус: ці хапае сродкаў аховы?


Знайсці можна, але пабегаць давядзецца. Праблема з адсутнасцю сродкаў аховы ў аптэках калі і вырашылася, то не паўсюль і не да канца. Жыхары Магілёва:

«Каб набыць пальчаткі, трэба пяць аптэк абысці, пра маскі ўвогуле маўчу».

«Акурат з аптэкі, маскі, гелі, пальчаткі – усё ёсць».

«Нумары аптэк я не ведаю, прайшла па ўсёй Пушкінскай. Там нічога».

«На гэты момант я набывала маскі, і з трох аптэк толькі ў адной знайшла, і кошт на іх, мякка кажучы, не самы танны», – распавядаюць жыхары Магілёва.

Вырашыць праблему адсутнасці ахоўных сродкаў Аляксандр Лукашэнка загадаў на пачатку мінулага тыдня падчас адмысловай нарады з удзелам чыноўнікаў і кіраўнікоў установаў аховы здароўя, прыгразіўшы адстаўкай ураду:

«Дык няўжо мы маску не можам пашыць? Гэта недапушчальна. Калі ёсць дзесьці гэтыя праблемы, вертыкаль улады на чале з прэм’ер-міністрам мусяць да панядзелка гэтую праблему зняць».

Беларусы недахоп сродкаў аховы вырашаюць сваімі спосабамі:

«Маскі мы самі зрабілі сабе».

«Гэта мне пашыла сяброўка, і мы туды падстаўляем марлю».

«Маскі мне выдаюць на працы. А ў пальчатках я не хаджу».

«У швейных крамах, дзе тканіны прадаюць, шмат хто набывае тканіны, і самі шыюць маскі сабе».

У магілёўскіх аптэках, куды завіталі нашыя журналісты, рэспіратараў няма, але прынамсі маскі сёння ёсць:

«Маскі ёсць у наяўнасці, антысептыкі на воднай аснове для скуры».

«У нас усё ёсць, пальчаткі, апрацоўка для рук і маскі. Усё ў нас ёсць».

«Вось такая шматразовая каштуе 1.57».

Аляксандр Лукашэнка ахоўнымі сродкамі вырашыў заняцца шчыльна. Падчас сённяшняй сустрэчы з міністрам аховы здароўя ды шэрагам чыноўнікаў ён даручыў падрыхтаваць пералік прадпрыемстваў, якія выпускаюць ці могуць пачаць выпускаць сродкі абароны:

«Я знайду час пабываць там, дзе я палічу патрэбным. І я запытаю, ці круглыя суткі яны працуюць і шыюць маскі. Цяпер маскі і іншае – бахілы, акуляры, шчыткі – каштуюць шалёных грошай. Цэны падскочылі».

Пакуль жа сродкамі аховы для медыкаў у значнай ступені займаюцца валанцёры. Бабруйчанін Васіль Арсенцьеў пластыкавыя рэспіратары робіць на 3d-прынтары.

«Аналагі марлевых павязак, сюды ўстаўляецца зменны фільтр і замацоўваецца 50… 55 калі павязка намокла, трэба выкідаць ці мыць, – то дыск памяняў, і ўсё. Яны абклейваюцца ўшчыльняльнікам, каб было мякка для твару, і гумка ўстаўляецца. Вось так будзе», – паказвае гатовы рэспіратар Васіль Арсенцьеў.

Такая маска друкуецца некалькі гадзінаў. Хутчэй робіцца ахоўны экран. Выраб экранаў наладзіў прадпрымальнік Міхаіл Мароз, а збіраюць іх валанцёры.

«Наша задача зараз сабраць, асобна ідзе частка на твар і два крапяжы. Наша задача сабраць і завезці лекарам, якія рабілі замову», – распавядае валанцёрка Наталля Халанская.

Сабраныя экраны развезлі ў бабруйскія шпіталі. Штодня можна рабіць дзве-тры сотні такіх экранаў, але паводле Міхаіла Мароза, перашкаджае бюракратыя – у шпіталях не гатовыя брацца за афармленне дабрачыннай дапамогі.

«Калі ўлады, як кажа Навальны, пераабуюцца ў паветры і дадуць дабро на тое, каб валанцёры, такія як мы, маглі рабіць такія рэчы і без усялякіх фармальнасцяў аддаваць, – я ніякіх праблемаў і карупцыйнага следу тут не бачу», – лічыць Міхаіл Мароз.

Шпіталізацыю хворых з лёгкай формай каронавіруснай інфекцыі Мінздароўя прапаноўвае замяніць самаізаляцыяй. А паколькі, паводле Лукашэнкі, рэжыму самаізаляцыі ў Беларусі няма, то колькасць носьбітаў каронавіруса можа павялічыцца не толькі ў больніцах, але і на вуліцах. Сродкі аховы ў гэтым выпадку будуць вельмі патрэбныя.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum