Каронавірус трапіў у Беларусь? Двое ў шпіталі


Два магілёўцы вярнуліся на радзіму з адпачынку праз кітайскі аэрапорт і трапілі ў шпіталь з падазрэннем на каронавірус. Пра гэта паведамляе Міністэрства аховы здароўя ды раіць пакуль не лятаць у Кітай. Хоць кампанія «Эір-Чайна» пакуль не мяняе графіку наўпроставых рэйсаў з Менску. У Кітай паляцеў дадатковы грузавы рэйс – з гуманітарнай дапамогай.

Кітай дапамагае нам, мы дапамагаем Кітаю… 20 тонаў важыць дыпламатычны жэст Пекіну з Менску, які пачалі пакаваць зацемку. Міністэрства Надзвычайных Сітуацыяў:

«Згодна з даручэннем Аляксандра Лукашэнкі аператыўна сфармавалі груз у асноўным медычнага прызначэння, які ў найбліжэйшы час будзе дастаўлены ў Пекін».

Апошнія ўпакоўкі ў самалёт пераносілі ў завіруху. Суправаджае гуманітарную дапамогу – дэлегацыя на чале з міністрам здароўя Уладзімірам Каранікам. Не ўсім беларусам да спадобы гэтая акцыя. Жыхарка Менску кажа:

«Збіраюцца нашыя медыкі туды цэлым самалётам ляцець… Тут мне робіцца троху страшна. Нешта тут не дадумалі і могуць нам вірус прывезці».

Магчыма што прывезлі ўжо. Да лекараў у Магілёве звярнуліся дзве асобы, якія адчулі недамаганне, вяртаючыся дадому з адпачынку з перасадкаю ў Кітаі. Вынікі тэстаў будуць вядомыя на працягу 12 гадзінаў.

Яшчэ перад вылетам у Пекін міністр здароўя правёў у Менску нарады з медыкамі, памежнікамі, службамі транспартных аб’ектаў, каб сумеснымі намаганнямі не прапусціць каронавірус праз мяжу. Галоўнае, што пасажыраў будуць дасканала правяраць, у тым ліку лабараторна – наўпрост у аэрапорце Менск-2.

Андрэй Вітушка, кандыдат медычных навук:

«Ва ўсіх не возьмеш аналіз крыві, адпаведна захады мусяць быць скрынінгавыя, якія дазваляюць адначасова хутка і максімальна даставерна ў гэтай сітуацыі адсачыць людзей, у якіх ёсць павышаная тэмпература. І добра што Беларусь падключылася да такой кампаніі».

Пра захады бяспекі, як асабістая гігіена, пазбяганне месцаў масавага збору людзей – беларусы ведаюць:

«Вітаміны ўжываць, мыць рукі часцей».

«Трэба маску на рот, боты добрыя, адмысловая куртка, магчыма яшчэ нешта… і з дому не выходзіць».

Найлепш – устрымацца ад падарожжаў у Кітай. Брытанская авіякампанія «Брытыш Эруэйз» часова прыпыніла злучэнне з Кітаем. Сябра Беларусі па Мытным Саюзе – Казахстан – прыпыніў усе віды пасажырскіх спалучэнняў з Паднябёснай, з якою мяжуе. Прадстаўніцтва «Аir China» ў Беларусі:

«Пакуль ніякіх зменаў у рэйсах Air China не прадбачыцца».

Колькасць хворых толькі ў Кітаі (без Ганконгу і Макао) узрасла на паўтары тысячы толькі цягам апошніх содняў. На шэсць тысячаў інфікаваных прыпадае 136 смяротных выпадкаў, гэта 2% ад колькасці хворых, а 1,6% – ужо вылекаваліся. І гэта ў адсутнасць адмысловай вакцыны. Пра яе з’яўленне толькі сёння ў Ганконгу паведаміла Лі Ланьцзюань з Лабораторыі дыагностыкі інфекцыйных захворванняў:

«Распрацоўка вакцыны – гэта працэс, які патрабуе часу. Таму на атрыманне штаму вакцыны пойдзе месяц. Яшчэ два тыдні спатрэбіцца дзеля яе тэставання і паўтара месяцы – дзеля канчатковага зацверджання».

Паводле розных ацэнак, пік захворвання на вірус настане ад 10-50 дзён. У эпіцэнтры эпідэміі зачыненыя на карантын мегаполісы. У меншых мясцовасцях таксама ўзводзяць барыкады на ўездах.

«Гэта дзеля таго, каб перадухіліць пранікненне вірусу ў нашую вёску. Мы самі вырашылі заблакаваць усе ўезды. Для старонніх праход і праезд зачынены», – кажа жыхар раёну Шуньі Ўэй Дзянпінг.

Заўтра меўся быць апошні дзень афіцыйных навагодніх вакацыяў, але праз каронавірус яны падоўжацца, на розныя тэрміны – у залежнасці ад рэгіёну. Таццяна Арлова, студэнтка Пекінскага Тэхналагічнага Інстытуту, распавядае:

«Атрымліваецца што ў нас канікулы афіцыйна да 20 лютага, канкрэтна ў маёй вучэльні і для магістрантаў. Рэкамендавалі не вяртацца раней за 20 лютага. Адміністрацыя паведаміла, што тыя хто ўзяў квіткі раней чымся на 21, маюць іх памяняць».

У тым ліку каб не павялічваць чэргі на абследаванні ў шпіталях… Амаль 60 тысяч асобаў ужо праверыліся. У Кітаі, які прадукуе ўсё і дасылае паўсюль, распачаўся дэфіцыт абаронных масак.

Таму магчыма, што гуманітарны груз з Беларусі, з якога жартавалі ў сацыяльных сетках, Кітаю аднак спатрэбіцца.

Юлія Цяльпук belsat.eu