Каронавірус праймерыз не перашкодзіць


Правацэнтрысцкая кааліцыя ўсё бліжэй да высоўвання адзінага кандыдата на прэзідэнта. Гэтак апоўначы скончыўся другі этап праймерыз – галасавання грамадзянаў праз інтэрнэт. Хто з апазіцыянераў наблізіўся да перамогі?

Эпідэмія эпідэміяй, а прэзідэнцкія кампанія паводле раскладу. У другім этапе праймерыз, або перадвыбараў, якія вызначаць кандыдата ад правацэнтрыстаў, перамог кіраўнік Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. У інтэрнэт – галасаванні ўзялі ўдзел чатыры з паловаю тысячы чалавек.

«Гэта, вядома, мала, але гэта чатыры з паловаю тысячы людзей, якія гатовыя адкласці ўсё і думаць пра тое, якой павінная быць Беларусь», – каментуе пераможца.

Пакуль па выніках двух тураў праймерыз лідаруе старшыя руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Хто рэпрэзентуе правацэнтрысцкія сілы ў прэзідэнцкіх выбарах, мусіць пастанавіць Кангрэс дэмакратычных сілаў.

«Мы разглядаем пытанне, каб правесці яго онлайн, бо ўжывую правесці яго ніяк не ўдасца. Мы не можам ставіць людзей у небяспеку», – паведаміў Мікалай Казлоў.

Не зважаючы на эпідэмію, змяняць графік выбарчай кампаніі ўлады не збіраюцца.

«Прэзідэнцкія выбары: можна адназначна сказаць, што мы іх будзем праводзіць паводле Канстытуцыі, як я і абяцаў», – заявіў 27 красавіка Аляксандр Лукашэнка.

Кожны дзясяты з амаль 15 тысячаў захварэлых на COVID-19 жыве ў Віцебску і Віцебскім раёне. Ці пойдуць мясцовыя жыхары на выбары ў жніўні, або галасаванне лепш перанесці?

«Дзеля чаго? Вынік будзе вядомы!»

«Сітуацыя складаная, вельмі сурʼёзная, таму выбары лепш перанесці».

«Людзі цяпер проста баяцца выйсці на вуліцу. Збіраць яшчэ адзін натоўп – навошта гэта патрэбна!»

«Хто хоча, той прыйдзе! Навошта падстройвацца пад кагосьці?»

«Нават калі перанясуць, нічога ад гэтага не зменіцца. Як яно запраграмавана, так яно і будзе!» – мяркуюць жыхары Віцебску.

Датаю выбараў Лідзія Ярмошына называла 30 жніўня. МВФ прадказвае Беларусі эканамічны спад, яўка будзе невысокаю – прадказвае палітолаг Вольга Харламава. Аднак Аляксандр Лукашэнка мае мала нагодаў непакоіцца.

«Перш за ўсё нафтагазавыя пытанні, а па-другое, сітуацыя ў Беларусі вакол каронавіруса – без каранціну, без значных зменаў у адсотках беспрацоўных – да ліпеня будзе падавацца як несумленны поспех дзейнай улады», – лічыць Вольга Харламава.

Паразай уладаў Вольга Харламава называе недастатковае інфармаванне людзей пра эпідэмію.

«Некарэктныя, у пэўных месцах грубыя выказванні Лукашэнкі адштурхнулі ад яго пэўную колькасць нават ягонага электарату», – зазначае палітолаг.

І гэтыя людзі, на думку Вольгі Харламавай, могуць зацікавіцца альтэрнатываю Лукашэнку. Пра барацьбу за ўладу не ідзецца, аднак апазіцыйныя лідары могуць пастарацца стаць больш пазнавальнымі.

Аляксандр Папко, «Белсат»