Каронавірус наступае, рубель падае – хавацца ў бульбу?


У дзяржаўным скарбе Беларусі ляжыць еўраў, долараў, золата і брыльянтаў $ 8,8 млрд – паведаміў сёння Нацыянальны банк. Было яшчэ больш, але ў студзені і лютым давялося выплочваць сотні мільёнаў на замежныя і ўнутраныя даўгі, а таксама прадаваць валюту насельніцтву. Мінус $ 438 млн за люты, мінус $ 150 за студзень!

«Меншыя знешнеэканамічныя прыходжанні, адпаведна, Нацбанк вымушаны, каб дэманстраваць стабільнасць, прадаваць валюту па запыце насельніцтва», – тлумачыць аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

У абменніках і на валютна-фондавай біржы за два месяцы беларусы купілі на $ 172,8 млн больш, чым прадалі. Так што на сёння за € 1 даюць BR 2,5178, а за амерыканскі долар – BR 2,2396і, гэта пакуль рэкорд. А вось расейскі рубель адносна нашага ўпаў адразу на 1,49 %. Чаму слабее беларускі рубель, напярэдадні распавёў эканаміст Сяргей Чалы ў праграме «Давайце разбірацца»:

«Аслабленне курсаў валют краінаў, якія развіваюцца, усіх да долара, гэта фундаментальныя эканамічныя фактары беларускія, перадусім, пагаршэнне сітуацыі ў замежным гандлі. А таксама заўжды на фінансавых рынках прысутнічае псіхалагічны фактар».

Замежны гандаль Беларусі істотна пацярпеў ад нафтагазавага ціску з боку Расеі. З пачатку года Масква спыніла буйныя пастаўкі нафтаправодам «Дружба», бо Менск не пагадзіўся на сцэнар гэтак званай паглыбленай інтэграцыі. За гэтыя месяцы Беларусь купіла танкеры нарвежскай, азербайджанскай і расейскай сыравіны – па сусветных коштах, без прэміяў пастаўшчыкам, а таксама наладзіла пастаўкі трубаправодам Адэса – Броды і Броды – Мазыр. Цяпер рыхтуецца новы маршрут трубой ад Балтыйскага мора да Наваполацку, каб не перавальваць нафту чыгуначнымі цыстэрнамі.

«Праект прапампоўвання нафты з балтыйскіх партоў на «Нафтан» пачынае набываць адчувальныя формы. Бліжэйшым часам мы створым шматбаковую працоўную групу, якая выпрацуе дарожную мапу для рэанімацыі гэтага ўчастку «Дружбы», – заявіў прэс-сакратар «Белнафтахіму» Аляксандр Цішчанка.

Цяпер нафту купіць лёгка, з-за каронавіруса яна каштуе па $ 45 за барэль. Але ёсць адно «але».

«Падзенне коштаў на нафту адбываецца з-за таго, што змяншаецца колькасць перавозак, перавозак тавараў, а значыць, будзе падаць попыт на паліва. А значыць, Беларусь, нават калі выйдзе на нармальныя аб’ёмы перапрацоўкі нафты, не атрымае патрэбных экспартных прыбыткаў», – тлумачыць аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Як мяркуе Ігар Тышкевіч, сёлета па ўсім свеце можа ўпасці патрэба ў грузавіках, аўтобусах і трактарах. Новы каронавірус ужо праеў дзірку ў валютнай скарбонцы Беларусі, бо рэзка ўпалі кошты на калійныя ўгнаенні. Кітайцы не сеюць і не аруць, ладзяць каранцін, а «Беларуськалій» дагэтуль не падпісаў найважнейшага кантракту за 2020 год. Аналітыкі прадказваюць паўтарэнне глабальнага эканамічнага крызісу 2008-2009 гадоў. Дык што, трэба хавацца ў бульбу, купляць валюту, соль і запалкі?

Вось што думаюць пра каронавірус жыхары і госці Віцебску:

«Не трэба баяцца, што дэфолт будзе. Нічога не будзе, пройдзе шуміха і будзе нармальна».

«Мы ўсё гэта праходзілі, і птушыны грып, і свіны, і каронавірус».

«Валюта, як валюта, а таварамі першай неабходнасці трэба запасацца».

І яшчэ пра псіхалагічны фактар у эканоміцы. Рымляне казалі: хочаш міру – рыхтуйся да вайны. А беларусы кажуць: паміраць збірайся, але жыта сей.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»