Каронакрызіс: пасля інфляцыі чакае дэфляцыя

Урад уводзіць рэгуляванне цэнаў, каб упісацца ў запланаваны на гэты год пяціадсоткавы ўзровень інфляцыі. Ці рэальная для выканання гэтая захада? Пра гэта, а таксама пра тое, як у крызісны час захаваць сямейны бюджэт, распавядзе Аляксандр Папко.

Урад замарозіў цэны на паслугі адукацыі, транспарту і сувязі. У параўнанні з мінулым годам яны падаражэлі на восем з паловаю – васямнаццаць адсоткаў.

«Некаторыя цэны, найперш на імпарт, часова выраслі падчас моцнага скоку курсу валюты, які быў у канцы сакавіка – пачатку красавіка. Аднак цяпер валюта таннее, і прычынаў для росту цэнаў няма», – тлумачыць старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

У гэтым месяцы ўрад прадказвае зніжэнне цэнаў. Да гэтага можа прывесці падзенне попыту падчас пандэміі COVID-19. Паводле Міністэрства аховы здароўя, інфікаваных каронавірусам за содні паболела на 915 чалавек. Памерлі чацвёра, павялічыўшы спіс ахвяраў да двухсот васьмі. Усяго людзей са станоўчым вынікам тэсту на каронавірус налічваюць 38 тысячаў 59 чалавек. Сярод іх нават будаўнікі Беларускай АЭС.

«На беларускай пляцоўцы – гэты праект у нас сёння ў асаблівым прыярытэце – зафіксавалі прыблізна 100 інцыдэнтаў, прыблізна 100 станоўчых тэстаў. Гэта не толькі нашыя працаўнікі, але і прадстаўнікі беларускага замоўцы», – паведаміў гендырэктар карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў.

Праўда, у Міністэрстве энергетыкі пацвярджаюць толькі 18 выпадкаў інфекцыі. На самой станцыі інфармацыю пра заражэнне працаўнікоў таксама зняпраўджваюць.

«Я не ведаю, што меў на ўвазе дырэктар такой буйной дзяржаўнай карпарацыі, таму я не маю ні маральнай нагоды каментаваць яго, і прафесійнай таксама не маю. Ну а тое, што ў нашым горадзе ёсць зафіксаваныя выпадкі, гэта я ведаю дакладна», – пракаментаваў прадстаўнік інфармацыйнага цэнтру БелАЭС Сяргей Сяўко.

Падзенне цэнаў толькі наперадзе, а вось падзенне заробкаў ужо ідзе. У красавіку сярэдні заробак склаў 1193 рублі 80 капеек, што на 20 рублёў менш, як у сакавіку. Дзякуючы ўзмацненню беларускага рубля, заробак у доларах крыху павялічыўся, аднак ён усё роўна трымаецца ніжэй за планку 500 долараў. Ці адчулі каронакрызіс звычайныя грамадзяне?

«Ну так, тады быў пры працы, а цяпер без працы!»

«Цэны выраслі ў крамах, натуральна: тая ж грэчка, для прыкладу. Цэны на побытавыя тавары, нават на вопратку таксама выраслі».

«Я працую выкладчыкам, таму не, на мяне гэта ніяк не паўплывала».

«Працы менш стала. У нас на працы, напрыклад, на працу не прымаюць нікога», – распавядаюць жыхары Гомля.

Якую эканамічную стратэгію ў такі час найлепш прыняць звычайнаму грамадзяніну?

«Пазбегнуць любых выдаткаў, якія не адносяцца да выдаткаў першай неабходнасці. Не трэба бегчы ды ў чаканні нейкай дэвальвацыі купляць тэлевізары і лядоўні. Не трэба нават купляць запасаў прадуктаў на месяц, два, тры. Гэтыя грошы вам могуць спатрэбіцца для нечага больш актуальнага», – рэкамендуе Вадзім Іосуб.

Нашую эканоміку сёлета чакае самы глыбокі спад за чвэрць стагоддзя – прадказвае Сусветны банк. ВУП зменшыцца на 4 адсоткі, а аднаўляцца будзе павольна – тэмпамі каля аднаго адсотка за год.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама