Карнавала не будзе! Актоберфэст адмянілі


Генеральная асамблея ААН адзінагалосна ўхваліла рэзалюцыю з патрабаваннем прыспешыць распрацоўку вакцыны ад Ковіда-19 і зрабіць яе дасяжнай для людзей усяго свету. Таксама галоўны прадстаўнічы орган Аб’яднаных Нацыяў заклікае ўсе дзяржавы выключыць магчымасць спекуляцыяў і неабгрунтаванага назапашвання сродкаў індывідуальнай абароны, медпрэпаратаў і абсталявання.

У жыхароў Нью-Ёрку з’явілася яшчэ адна магчымасць праверыцца на каронавірус. Тэсты на хаду больш небяспечныя для медыкаў, чым здача аналізаў з аўтамабіляў, але вельмі запатрабаваныя.

«Мы адкрылі першы цэнтр «тэставання на хаду» на Ўошынгтан-Хайтс. Ён адрозніваецца ад іншых: тут нельга падняць шыбу, і ў пацыента ёсць толькі маска», – распавядае Рамон Таллях, дырэктар Цэнтру грамадскага здароўя SOMOS.

«Спадзяюся, я не падхапіў каронавіруса, у мяне былі сімптомы 4–5 тыдняў», – кажа, стоячы ў чарзе Рамон Кастыллё, кіроўца хуткай.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёння ЗША – самая пацярпелая ад «Ковіда-19» дзяржава. Толькі ў штаце Нью-Ёрк загінулі 10 тысячаў інфікаваных. Хаця лічба новых шпіталізацыяў паступова зніжаецца.

«У такой сітуацыі сваякі памерлага мусяць заставацца ў машыне. Я камунікую з імі праз мабільнік. Яны не могуць падысці да магілы, каб кінуць жменю зямлі», – распавядае Шмуэль Плафкер, рабін Габрэйскай асацыяцыі бясплатных пахаванняў.

Частка амерыканцаў не задаволеная каранціннымі захадамі. Пратэсты супраць локдаўну растуць разам з беспрацоўем. Доналд Трамп праз сацыяльную сетку «Тўітэр» паабяцаў абараніць амерыканцаў ад страты працоўных месцаў і ад каронавіруса адмысловым указам аб часовым прыпыненні іміграцыі ў ЗША. Пандэмію прэзідэнт назваў «атакаю нябачнага ворага».

У некаторых штатах, дзе колькасць заражэнняў перастала расці, ужо адчыніліся некаторыя прадпрыемствы і грамадскія месцы. У Еўропе ўлады Даніі, Аўстрыі, Іспаніі ды Нямеччыны пасля тыдняў жорсткага локдаўну паслабляюць абмежаванні, напрыклад, на працу цырульняў і стаматалогіі. Але традыцыйнага свята піва «Актобэрфэст» у Мюнхене гэтаю восенню немцы не пабачаць, хоць да яго амаль паўгода.

«Рызыка занадта высокая. Вы не зможаце захоўваць дыстанцыю ці карыстацца маскаю падчас фестывалю», – патлумачыў прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Баварыя Маркус Зёдэр.

Сёння Сусветная арганізацыя здароўя рэкамендавала ўладам і грамадзянам не спяшацца здымаць абмежаванні ды рабіць гэта паступова.

«Нашая сістэма аховы здароўя мусіць развівацца, а спробы спыніць перадачу віруса працягвацца адначасова з эпідэміяй, пакуль не знойдуць вакцыны або вельмі эфектыўнага лекавання», – заклікаў праз інтэрнэт-канферэнцыю Такэсі Касай, рэгіянальны дырэктар WHO ў Заходне-Ціхаакіянскім рэгіёне.

У Сусветнай арганізацыі здароўя заклікаюць рыхтавацца да доўгай бітвы з пандэміяй і дапамагаць краінам са слабой медыцынаю. Напрыклад, у 43-ох дзяржавах Афрыкі на 1 мільён чалавек у сярэднім ёсць толькі 5 месцаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі для лячэння пацыентаў з каронавіруснай пнеўманіяй.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Фота: THILO SCHMUELGEN / Reuters / Forum