Канвеер судоў і няспынны пераслед


Абвінавачанне выставілі, аднак якое менавіта – ні сваякі, ні адвакат не ведаюць. Блогер Сяргей Ціханоўскі, якога затрымалі ў Горадні 29 траўня, застаецца за кратамі.

Не спыняюцца рэпрэсіі і ў адносінах да іншых актывістаў. Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую затрымалі ў мінулую пятніцу, выходныя яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання. Суддзя Міхаіл Зубеня, які разглядаў справу праз відэасувязь, палічыў, што актывістка парушыла закон, беручы ўдзел у мітынгу, які прайшоў у абласным цэнтры 31 траўня. Вынік – 1080 рублёў штрафу. Алена Янушкоўская, блогерка, актывістка:

«Мяне зачынілі, каб мяне там не было. Так яны баяцца, што Янушкоўская будзе крычаць «Лукашэнка, сыходзь!», «Стоп, таракан!» і «Жыве Беларусь!».

А вось актывісту Алегу Паўлаву пашанцавала куды менш – 5 содняў арышту. Справу, як і ў выпадку з Янушкоўскай, разглядалі онлайн. Ірына Траццякова, праваабаронца:

«Няма онлайн-судоў, таму што з ІЧУ і РАУСу прывезлі людзей таксама адміністратыўна затрыманых, усялякія пабітыя, з сінякамі, без масак, брудныя – іх суд прыняў. Але тых, каго негалосна назвалі іх апазіцыянерамі, застаюцца ў ІЧУ».

У Менску суды былі не менш актыўныя ў вынясенні падобных рашэнняў. Затрыманую пасля збору подпісаў ля Камароўскага рынку Вольгу Мікалайчык у судзе Першамайскага раёну асудзілі на 15 содняў. Столькі ж атрымаў і сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай Валянцін Фралоў. Валянцін Фралоў, актывіст:

«Мяне схапілі ўчора, правалаклі праз усю плошчу людзі ў цывільным, не прадʼяўляючы дакументаў, у просты бус. Толькі ў пастарунку патлумачылі, што за 31 чысло».

20 содняў і штраф атрымаў сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Алег Баброўскі, па 15 – актывіст Рыгор Пагарцаў і палітык Павел Севярынец, у якога засталося яшчэ 30 дзён неадбытага арышту.

Павел Севярынец, сустаршыня БХД:

«Поўнае беззаконне, даюць 15 содняў за легальны пікет. Прыдумалі непадпарадкаванне міліцыі. Беззаконне, але людзі не будуць яго трываць вечна».

Вольга Кавалькова, патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва:

«Відавочна, што ўлады спалоханыя такой колькасцю людзей, якія не падтрымліваюць іх. Бо чалавек, які прыходзіць на пікет да дэмакратычных кандыдатаў, зразумела, не падпішацца за Лукашэнку».

Аднак не толькі судамі над актывістамі ўлады рыхтуюцца да выбараў. Напярэдадні новапрызначаны кіраўнік Міністэрства інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі ў інтэрвʼю тэлеканалу СТВ заявіў, што ведамства будзе абмяжоўваць у інтэрнэце інфармацыю, якая, цытата, «шкодзіць дзяржаве». Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт:

«Нешта новае Міністэрства інфармацыі наўрад ці будзе прадпрымаць. Важна тое, што яно можа выносіць папярэджанні СМІ, але пакуль што мы бачым, што такія папярэджанні выносяць пераважна недзяржаўным медыям і пераважна ў сітуацыях, калі яны зрабілі нешта балючае, так бы мовіць, дзяржаўным ідэолагам».

І яшчэ адзін прыклад ціску на нязгодных. Лідскаму фельчару Паўлу Палейчыку, які адбыў сямідзённы арышт за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім, кіраўніцтва раённага шпіталю не працягне працоўнага кантракту.

Віталь Бабін, «Белсат»