Канцэрт года ў ЗША. Каму раздалі «Грэмі»


Падзея, якую называюць музычным «Оскарам». У Злучаных штатах раздалі прэміі «Грэмі». І хоць нашых музыкаў на гэтай імпрэзе не было, затое суседзі-палякі маюць прычыну для радасці. Адну з узнагародаў атрымаў вядомы дырыжор і кампазітар з Польшчы – Кшыштаф Пэндэрэцкі.

Брытанскага рок-спевака Дэйвіда Боўі пасмяротна ўганаравалі ў чатырох намінацыях музычнай прэміі «Грэмі». 59-ая ўрачыстая цырымонія адбылася ў Лос-Анджэлесе. Апошні дыск Боўі «Blackstar» перамог у намінацыях за найлепшы альтэрнатыўны альбом і за найлепшы энджынірынг некласічнага альбому. Боўі перамог таксама ў намінацыях «найлепшы рок-выканаўца» і «найлепшая рок-кампазіцыя».

Трыўмфатаркаю сёлетняй прэміі сталася брытанская спявачка Адэл

Яна атрымала ўзнагароды ўва ўсіх пяці намінацыях, на якія прэтэндавала. Дыск «25» зрабіўся найлепшым вакальным поп-альбомам, а кампазіцыя «Hello» атрымала галоўную ўзнагароду, сталася песняю года.

З «Hello» Адэл абышла канадскага спевака Джастына Бібэра ды амерыканку Бэёнсэ, лідарку ў колькасці намінацыяў – ейныя кампазіцыі прэзентаваныя ў дзевяці катэгорыях. А статуэтку Бэёнсэ атрымала за найлепшае музычнае відэа.

Яшчэ адную з галоўных узнагародаў – за найлепшы дэбют – атрымаў гіп-гоп-артыст Чанс зэ Рэпэр.

Акрамя Боўі ўшанавалі Прынса і Джорджа Майкла

Эмацыйным момантам амаль чатырохгадзіннай цырымоніі сталася ўшанаванне памяці двух ранейшых пераможцаў «Грэмі» – амерыканскага спевака Прынса і брытанскага Джорджа Майкла, якія памерлі летась.

Прэмія «Грэмі», якую часта называюць музычным «Оскарам», традыцыйна робіцца канцэртам года ў ЗША.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Lucy Nicholson / Reuters / Forum