Канцэпцыя годнай працы: што гэта і ці прытрымліваюцца гэтага нашыя ўлады?


27 лютага Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў прэзентаваў платформу «Годная праца для Беларусі», дзе ўдзельнікі абмеркавалі асаблівасці ўмоваў працы ў нашай краіне. Канцэпцыю годнай працы вылучыла Міжнародная арганізацыя працы ў канцы дваццатага стагоддзя. Гэты падыход акрэслівае, на што можа разлічваць працаўнік, а менавіта на свабоду, бяспеку, справядлівую аплату, сацыяльную абарону, захаванне сваёй годнасці, роўныя стартавыя магчымасці для ўсіх, удзел у прыняцці кіроўных рашэнняў і самаразвіццё асобы.

Нашыя эксперты найбольшыя праблемы знайшлі ў сацыяльнай бяспецы працаўнікоў і ў справядлівасці заробкаў. Пра частыя несправядлівасці ў заробках распавяла Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар цэнтру эканамічных даследванняў BEROC:

«Напрыклад, мы бачым розніцу ў аплаце мужчын і жанчын. За адную і тую ж працу ў рэгіёнах плоцяць менш, чым у вялікіх гарадах».

Паводле Белстату, у Менску студзеньскі сярэдні заробак склаў каля паўтары тысячы рублёў. У Менскай вобласці – каля тысячы ста рублёў, у іншых жа рэгіёнах сярэдні заробак не перавысіў тысячы рублёў. Вось, што думаюць пра свае заробкі жыхары Менску:

«Я працавала акурат на такой працы, дзе ўсё было добра з заробкам, то бок мяне ўсё задавальняла, але большасць людзей, я думаю, не вельмі задаволеныя гэтым».

«Ну як сказаць? Пажадана больш».

«Я сам на сябе працую, я сам сабе ўсталёўваю кошт».

«Працаваць за дваіх, атрымліваць за аднаго… Ну, як ёсць, а што рабіць?».

Другім найбольш праблемным момантам на шляху да канцэпцыі годнай працы эксперты назвалі сацыяльную бяспеку працаўніка.

«У першую чаргу гаворка ідзе пра тое, што працоўныя кантракты заключаюцца толькі на год у большасці выпадкаў, і гэта значыць, што праз год увогуле нават не трэба нікога звальняць. Можна папросту не падоўжыць кантракту, таму пра ніякія доўгатэрміновыя адносіны з працадаўцам ніхто насамрэч казаць не можа», – паведамляе Кацярына Барнукова.

Кантрактавую сістэму ўзаконіў Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 29. Паводле сябраў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, сутнасць кароткатэрміновых кантрактаў не парушае заканадаўства і міжнародных працоўных стандартаў.

«Але вось яе празмернае ўжыванне і тое, што ў Беларусі фактычна больш за 90 % працуе паводле кароткатэрміновых кантрактаў, вось гэта самае складанае. Яна не дазваляе чалавеку годна сябе адчуваць на працоўным месцы, яна заўсёды трымае яго на кароткім ланцужку, не дазваляе праяўляць ніякай ініцыятывы», паведамляе намеснік старшыні Кангрэсу Сяргей Антусевіч.

У верасні 2015 года Беларусь выказала прыхільнасць Парадку, прынятаму ААН, які ўключае 17 мэтаў устойлівага развіцця. Да 2030 года сто дзевяноста тры краіны павінныя іх дасягнуць. Годная праца – частка восьмай мэты Парадку.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»