Каму патрэбны БРСМ?

43-ці з‘езд Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Удзельнікі атрымалі з гэтай нагоды ўрачыстае пасланне ад кіраўніка дзяржавы. Што наказаў Лукашэнка сваім маладзёнам і ці патрэбны ўвогуле Беларусі БРСМ?

Старое кіраўніцтва БРСМ адправілі ў адстаўку, кіраваць жа гэтак званаю чыноўніцкаю кузняй кадраў цяпер будзе Дзмітрый Варанюк, які за трыццаць адзін пражыты год ні дня не працаваў. Калі не ўлічваць за працу, вядома, сяброўства ў БРСМ.

Нарадзіўся новы кіраўнік арганізацыі ў Ташкенце, аднак вырас і атрымаў адукацыю ў Магілёве, дзе ў 2010 годзе і ўступіў у БРСМ. Па кар’ернай лесвіцы дайшоў да цэнтральнага камітэту арганізацыі. Цяпер жа Варанюк жыве ў інтэрнаце ў Менску разам з жонкаю і маленькім сынам. І новая пасада – добрая магчымасць дабіцца большага.

«Я хачу падкрэсліць, што і кадры, і студатрады, і праекты, і тэхналогіі, і пасады, і званні – усё гэта будзе, калі ў нас будзе здаровая ўва ўсіх сэнсах гэтага разумення моладзь», – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Да гэтага больш за тры гады арганізацыю ўзначальваў Андрэй Белякоў. Паводле кіраўніка дзяржавы, БРСМ «стаў надзейным партнёрам дзяржавы ў правядзенні моладзевай палітыкі».

Аднак менавіта за правал працы з моладдзю і знялі з пасады Андрэя Белякова, якому пакуль новага прызначэння ў дзяржаўным апараце не далі.

«Уладам ад БРСМ патрэбна, каб была згуртаваная нейкая генерацыя, якая будзе цалкам адпавядаць патрабаванням той улады, якая цяпер існуе. Гэта немагчыма ў нашых умовах. Рэжым Лукашэнкі вельмі часта ставіць перад нейкімі інстытутамі, арганізацыямі, людзьмі невыканальныя задачы», – лічыць філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Менавіта такія невыканальныя задачы і пафасныя лозунгі гучаць з афіцыйных трыбунаў.

Некаторыя імпрэзы БРСМ часам даюць зусім нечаканыя вынікі: робяцца гітамі інтэрнэту і ўвогуле ператвараюцца ў народныя мемы.

У той жа момант эксперты адзначаюць, што моладзевая палітыка – неад’емная частка палітычнага парадку дня ў любой нармальнай краіне. Аднак яна звычайна не бывае татальная, а носіць больш практычны характар.

«Там існуе шмат моладзевых ініцыятываў, большасць з якіх датычыць традыцыйных інстытутаў. Рэлігійныя арганізацыі, скаўты, вайсковыя, навуковыя, культурніцкія ды іншыя сферы маюць свае моладзевыя адгалінаванні», – кажа Мацкевіч.

Так і атрымліваецца – няблага б мець разгалінаваную сетку моладзевых арганізацыяў накшталт скаўтаў, але пакуль маем пародыю на камсамол, якая, да таго ж, патрабуе немалых сродкаў з бюджэту. І не выглядае на тое, што новае кіраўніцтва БРСМ нешта кардынальна зменіць у гэтым раскладзе.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама