Камп'ютарызацыя ў каранціне: як энтузіясты дапамагаюць наладзіць дыстанцыйную адукацыю


Пандэмія каронавірусу блакавала звычайнае школьнае навучанне па ўсім свеце. Не маючы рэальных альтэрнатываў, людзі абралі шлях дыстанцыйнага навучання, аднак гатовых да такога атрымання ведаў аказалася не так шмат. У расейскім Іркуцку з праблемай нястачы самых простых кампʼютараў, сутыкнуўся інжынер Аляксандр, які вырашыў дапамагчы чым можа дзеткам, у якіх магчымасці займацца дыстанцыйна былі моцна абмежаваныя. Кірыл Смяглікаў працягне.

– Кампʼютар мы вось сабралі адзін амаль. Пратэставалі і заўтра раніцай можам вам яго падвезці.

53-гадовы інжынер-энтузіяст Аляксандр Бураўлёў у сваёй сціплай іркуцкай майстэрні разам з унукам Кірылам сабраў ужо больш за дзясятак кампʼютараў для дыстанцыйнага навучання школьнікаў. У першую чаргу вырашылі дапамагаць шматдзетным і бедным семʼям.

«У нас у прыватным сектары звычайна такія жывуць, і іх вельмі шмат. Я паглядзеў па рэгіёнах, па школах, і дзеці сапраўды патрабуюць», – кажа Аляксандр Бураўлёў валанцёр, інжынер-аматар

Старыя запчасткі пакуль атрымоўваецца знайсці праз знаёмых ды тэлефануючы ў розныя арганізацыі, аднак майстэрню, якая нагадвае цяпліцу, Аляксандр хоча змяніць.

«Мы проста думалі, што праз нашу Іркуцкую адміністрацыю вырашыць пытанне з памяшканнем, так можна было б адкрыць гурток, тыпу робататэхнікі, і дзетак прыцягнуць, каб яны займаліся тэхнікай», – дадае Аляксандр Бураўлёў.

Вучыцца дыстанцыйна, не маючы адпаведных магчымасцяў, сапраўды складана.

«Нам адпраўлялі заданне на ўвесь тыдзень, і мы рабілі ўсё праз тэлефон, здымалі ды адпраўлялі да настаўнікаў, так і навучаліся», – кажа маці Дарʼя Сакалова.

Такога кампʼютара, падлучанага да сеціва, пакуль дастаткова для навучання малодшых школьнікаў, аднак у старэйшых класах спатрэбіцца нашмат мацнейшы. Калі атрымаць кансультацыю, прыкладам, ад такога аматара, як Аляксандр, то ўласнаручна можна сабраць добры стацыянарны кампʼютар коштам прыкладна да 500 долараў. Таксама давядзецца падлучыць яго да хуткага інтэрнэту, каб напоўніцу карыстацца гэткімі праграмамі, як «Zoom» ці «Skype», якія набылі папулярнасць у школьнікаў і студэнтаў падчас каранціну. Толькі ці знойдуцца грошы на такую сапраўды неабходную падтрымку школьнікам з расейскай глыбінкі – пакуль пытанне хутчэй рытарычнае.

Кірыл Смяглікаў, Белсат